«Ці турбуе вас тое, што беларускі рубель штодня істотна абясцэньваецца адносна цьвёрдых валют? Як вы ратуеце ад дэвальвацыі свае ашчаджэньні?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.
Бацька дваіх дзяцей: «Хвалюе, бясспрэчна. Гэта ўплывае на кошты і на жыцьцё. У зьвязку з тым, што асаблівых ашчаджэньняў няма, то й захоўваць пакуль няма чаго. Зарабляем пакуль».
Малады мужчына з жонкай: «Усе беларускія рублі скарысталі, а даляры ляжаць. Даляр заўсёды быў далярам».
Задаволеная жанчына: «Шчыра кажу, мала цікавілася гэтым пытаньнем. Свае ашчаджэньні ў банку не захоўваю».
Прадпрымальнік: «Усе мы, напэўна, свае ашчаджэньні захоўваем у больш цьвёрдай валюце. Дывэрсыфікуем кошык — у розных валютах, у далярах і эўра».
Your browser doesn’t support HTML5
Пэнсіянэрка: «Абы беларускіх было шмат — не хвалюе. Няхай беларускіх будзе больш».
Малады эканаміст: «Вядома, хвалюе. Гэта адбіваецца на эканоміцы ўсёй краіны. На асабістым бюджэце ня моцна адбіваецца, бо я больш зьвязаны з цьвёрдай валютай. Але ж у цэлым адбіваецца на ўсім, вядома, на коштах. Я ж у гэтай краіне жыву».
Раззлаваны пэнсіянэр: «Хвалюе! „Бацька“ на ўсіх ускладае віну за інфляцыю, але цяпер няхай сам думае, як курс рубля падняць. Нічога не зьберагаю, бо няма грошай».
Экс-дэпутат гарсавету: «Якія ашчаджэньні? Тры гады таму ўладкаваўся на працу на 400 даляраў, цяпер тыя ж грошы адпавядаюць 300 далярам. Вось і ўсё ашчаджэньні — і казаць няма пра што. Беспэрспэктыўна. Наагул у нашай дзяржаве інфляцыя ў дачыненьні даляра складае ўжо адзінаццаць нулёў. Тры разы іх адкідвалі і цяпер зноў з трыма нулямі. І вось што цікавае. У Нямеччыне пасьля вайны, як яе разрабавалі пераможцы, інфляцыя складала дванаццаць нулёў. Але яны справіліся зь ёй за чатыры гады. А мы з 1991 году ніяк зь ёй справіцца ня можам. Патрэбна інтэграцыя ва ўсясьветную прастору, сваю нішу трэба займаць. Калі, выбачайце, бульба расьце, то трэба яе вырошчваць. А калі камбайны мы ня ўмеем рабіць, то мы іх ня ўмелі, ня ўмеем і не навучымся рабіць. Ніколі!».
Малады гамяльчук: «Ад мяне мала што залежыць. Заробкі мінімальныя, а кошты растуць. Цяжкавата. Крэдыты ёсьць, банкі трывожаць. Даводзіцца выкручвацца, падпрацоўваць, штосьці яшчэ рабіць».
Пэнсіянэрка: «Вядома, хвалюе. Бо за гэтую пэнсію ня надта што й купіш у краме. І якія тут ашчаджэньні, калі ў мяне чатыры ўнукі?! Да таго ж, пэнсія маленькая».
Малады рабочы: «Зарабляем няшмат, таму грошы адразу й расходзяцца. Запасаў асаблівых няма. А што мы будзем думаць, крычаць, лаяцца — усё адно ад гэтага рубель не падрасьце».