На пасаду прэзыдэнта засталося пяць прэтэндэнтаў

Кола патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі сёньня скарацілася з васьмі да пяці чалавек.

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін заявіў, што прыняў рашэньне не перадаваць у тэрытарыяльныя камісіі подпісы, сабраныя ў падтрымку яго ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта. Гэтаксама вырашыў зрабіць і яго калега з Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Пэдагог Жанна Раманоўская здала на праверку зусім невялікую колькасьць подпісаў.

А вось у штабах Сяргея Гайдукевіча, Тацяны Караткевіч, Аляксандра Лукашэнкі, Мікалая Ўлаховіча і Віктара Цярэшчанкі заяўляюць, што яны перадалі на праверку неабходныя 100 тысяч подпісаў.

Як паведамілі Свабодзе ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, апошнія падпісныя лісты можна здаць у тэрытарыяльныя камісіі да 19-й гадзіны 21 жніўня. На праверку сапраўднасьці подпісаў камісіям даецца 10 каляндарных дзён.