Вячаслаў Фяцісаў: Беларусы ў КХЛ не павінны лічыцца замежнікамі

Вячаслаў Фяцісаў:

Сябра рады дырэктараў КХЛ, знакаміты савецкі і расейскі хакеіст і трэнэр Вячаслаў Фяцісаў лічыць, што беларускія і казахстанскія хакеісты не павінны лічыцца легіянэрамі ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе (КХЛ).

Пра гэта паведамляе ТАСС.

У сэзоне 2014-2015 беларускія і казахстанскія гульцы не падпадалі пад ліміт на замежнікаў. Клюбы маглі мець у заяўцы пяць легіянэраў.

Але ў панядзелак Міністэрства спорту РФ зацьвердзіла ліміт на легіянэраў у расейскіх клюбах КХЛ у сэзоне 2015-2016. Паводле тэксту загаду, агульная колькасьць гульцоў, якія ня маюць права выступаць за зборную Расеі, можа складаць ня больш за пяць у заяўцы аднаго клюбу. Статус гульцоў з Беларусі, Казахстану, Армэніі, Кіргізіі ў загадзе не прапісаны, аднак міністар спорту РФ Віталь Мутко заявіў, што хакеісты з гэтых краін будуць лічыцца замежнікамі.

У той жа час КХЛ апавясьціла Міністэрства юстыцыі РФ аб намеры не лічыць беларускіх, казахстанскіх, армянскіх і кіргізскіх гульцоў легіянэрамі на падставе прыярытэту міжнароднага права — Дамовы Мытнага саюзу — над нарматыўным актам — загадам Міністэрства спорту.

«Гэта ж нейкі нонсэнс», — заявіў Фяцісаў, камэнтуючы загад Міністэрства спорту. Ён таксама адзначыў, што ў дадзеным выпадку беларускія і казахстанскія хакеісты не зьяўляюцца прамымі канкурэнтамі для расейскіх гульцоў.

«Зь іншага боку, хай яны гуляюць, мы павінны дапамагчы беларусам і казахам разьвіваць хакей, — заўважыў ён. — Чым вышэй будзе ўзровень хакею ў Беларусі і Казахстане, тым вышэй будзе канкурэнцыя ў КХЛ. Гэта нейкая надуманая рэч, і я б наагул не чапаў гэтую тэму, пакінуў бы ўсё як ёсьць. Калі беларусы і казахі пачнуць у нас выйграваць, тады можна вярнуцца да гэтага пытаньня».