Міністэрства замежгных спраў Эстоніі рэзка асудзіла рашэньне Пскоўскага абласнога суду, які ў сераду прысудзіў супрацоўніка паліцыі бясьпекі Эстоніі Эстана Кохвэра да 15 гадоў зьняволеньня. Пра гэта паведамляе ВВС.
«Выкраданьне Эстана Кохвэра з тэрыторыі Эстонскай Рэспублікі супрацоўнікамі ФСБ 5 верасьня мінулага году і супрацьпраўнае ўтрыманьне яго ў Расеі — гэта грубае парушэньне міжнароднага права і правоў чалавека» — гаворыцца ў заяве міністра замежных справаў Эстоніі Марыны Кальюранд.
«Сёньняшні прысуд ня зьменіць нашай пазыцыі: мы патрабуем ад Расеі неадкладнага вызваленьня Эстана Кохвэра. Мы разам з саюзьнікамі і партнэрамі маем намер працягваць аказваць міжнародны ціск да таго часу, пакуль Эстан Кохвэр ня будзе вызвалены і ня вернецца дадому да сям’і» — дадала Кальюранд.
Асобную заяву выдала і пасольства Эстоніі ў Маскве.
«Cудовы працэс над Эстанам Кохвэром ня мае нічога агульнага з правасудзьдзем. Патрабуем ад Расеі выкананьня нормаў міжнароднага права, неадкладнага вызваленьня Эстана Кохвэра і гарантаваньня яму бясьпечнага вяртаньня дадому, у Эстонію», — заявіла пасольства, дадаўшы, што падчас прысуду «у знак пратэсту» прысутнічалі дыплямат пасольства Эстоніі ў Маскве і дыплямат прадстаўніцтва ЭЗ у Расеі.
Наконт прысуду выказалася і Кэтрын Рэй, прэсавы сакратар Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і бясьпецы Фэдэрыкі Магерыні.
«Выкраданьне Эстана Кохвэра з Эстоніі і наступнае незаконнае ўтрыманьне пад вартай у Расеі ўяўляюць сабой відавочнае парушэньне міжнароднага права. Акрамя таго, з самага пачатку, спадар Кохвэр быў пазбаўлены права на справядлівае судовае разьбіраньне. Не было публічнага слуханьня справы, эстонскаму консулу не дазволена было прысутнічаць на слуханьні справы і спадар Кохвэр быў пазбаўлены адэкватнай юрыдычнай дапамогі. Эўразьвязх працягвае заклікаць Расейскую Фэдэрацыю дзейнічаць у адпаведнасьці зь яе міжнароднымі абавязаньнямі, неадкладна вызваліць спадара Кохвэра і гарантаваць яго бясьпечнае вяртаньне ў Эстонію».
Пскоўскі абласны суд прыгаварыў супрацоўніка Паліцыі бясьпекі (контрвыведкі) Эстоніі Эстана Кохвэра да 15 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у шпіянажы.
Расейскія спэцслужбы затрымалі Кохвэра ў верасьні 2014 году на мяжы Расеі з Эстоніяй. Яму прад’явілі абвінавачваньні ў шпіянажы, кантрабандзе і нашэньні зброі, а таксама ў незаконным перасячэньні дзяржмяжы.
ФСБ сьцвяржала, што Кохвэр быў затрыманы на расейскім баку мяжы пры правядзеньні агентурнай апэрацыі. Пры гэтым Эстонія заяўляе, што ўзброеныя людзі выкралі яго з эстонскай тэрыторыі, блізу пагранічнага пункта Лухамаа, калі ён удзельнічаў у апэрацыі па прадухіленьні злачынства на мяжы.
Па заяве эстонскіх уладаў, невядомыя ўжылі да Кохвэру фізычную сілу і пагражалі зброяй, пасьля чаго павезьлі яго ў Расею.
ФСБ Расеі сьцвяржае, што яе супрацоўнікі спынілі агентурную апэрацыю Эстоніі. Паведамлялася, што ў Кохвэра нібыта канфіскавалі пісталет «Таўрус» з патронамі, 5000 эўра, спэцтэхніку для схаванага аўдыёзапісу, а таксама матэрыялы, якія маюць «характар выведнага заданьня».
З эстонскай боку гучалі неафіцыйныя выказваньні, што Кохвэр змагаўся з кантрабандай.
«Я думаю, гэта даволі праўдападобная інфармацыя, паколькі паток кантрабанды з расейскага боку практычна невычэрпны на працягу многіх гадоў. У мяне заўсёды ўзьнікала пытаньне: як кантрабандысты так свабодна дзейнічаюць у памежнай зоне? Там жа спэцыяльны рэжым пропускаў праз ФСБ і ўсё такое» — сказаў ВВС Ігар Таро — эстонскі журналіст, аглядальнік і жыхар таго прыгранічнага рэгіёну, дзе быў выкрадзены Кохвэр.
«Калі Кохвэр займаўся расьсьледаваньнем спраў аб кантрабандзе, у тым ліку людзей, то ён відавочна камусьці моцна не дагадзіў. Камусьці, чый „дах“ пазначаецца трыма вядомымі літарамі» — разважае Таро.
З-за здарэньня з Кохвэром высьветлілася, што мяжа ў тых месцах дрэнна разьмечаная і амаль ніяк не ахоўваецца. Гэта выклікала ў Эстоніі гарачую дыскусію па пытаньні, чаму так выйшла і як хутка можна выправіць становішча.
«Адзіны пазытыўны момант для Эстоніі — гэта, несумненна, ўсьведамленьне таго, што мяжу з Расеяй трэба было даўно як сьлед разьмеціць і ўладкаваць. Гэтае пытаньне зацягвалася з-за таго, што не ўступіла у сілу дамова з РФ аб мяжы, паводле якой фактычная лінія падзелу зьменіцца. Цяпер жа зразумела, што цягнуць з гэтым нельга», — кажа Ігар Таро.
«Вядома, Эстонія патрабуе вызваленьня Кохвэра і прысуд суду — не прычына мяняць нашу пазыцыю, паводле якой яго выкраданьне было парушэньнем міжнароднага права» — сказаў ВВС кіраўнік камісіі парлямэнту Эстоніі па абароне і бясьпецы Марка Міхкельсон.
«У публічнай сфэры іншай рыторыкі і быць не можа. Але, вядома, праз сродкі масавай інфармацыі яго ня вызваліш. Гэта прадмет перамоваў, чым, я мяркую, цяпер і займаюцца» — дадаў ён.
Міхкельсон прыгадаў, што ў шматлікіх падобных выпадках справа завяршалася альбо датэрміновым памілаваньнем, альбо абменам. Але прагнозаў адносна лёсу Кохвэра эстонскі дэпутат рабіць не стаў.