Як паведамляе БЕЛТА, малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка 18 жніўня разьвёз першую партыю прэзыдэнцкага ўраджаю ў менскія Дом-інтэрнат для пэнсіянэраў і інвалідаў і Дзіцячы гарадок Ленінскага раёну.
Раней Мікалай Лукашэнка толькі суправаджаў бацьку, цяпер жа ён робіцца самастойным героем паведамленьняў у СМІ, паўнавартасна выконваючы прадстаўнічыя функцыі і займаючыся дабрачыннасьцю. Радыё Свабода папрасіла палітолягаў прааналізаваць такую зьмену статусу трэцяга прэзыдэнцкага сына.
Прысутнасьць дзяцей у перадвыбарчай агітацыі — гэта неэтычны і недазволены ход, лічыць палітоляг і паліттэхноляг Уладзімер Мацкевіч:
«Сюжэт пра Колю, які раздае ўраджай абяздоленым, — гэта звычайны перадвыбарчы піяр-ход, адпрацаваны шмат дзесяцігодзьдзяў таму ў ЗША. Усе асобы, якія займаюць месцы ў эліце, павінны займацца дабрачыннасьцю ці яе імітацыяй. У Беларусі, напрыклад, дабрачыннасьць часьцей за ўсё прымае імітацыйныя формы.
Іншая справа, што 11-гадовы падлетак Коля ня можа самастойна прымаць рашэньні ці нешта ажыцьцяўляць. Таму тут мы бачым выкарыстаньне дзіцяці для дасягненьня дарослай мэты. Але нават у рэклямных тэхналёгіях лічыцца недапушчальным выкарыстаньне дзяцей, як і, напрыклад, аголенага цела і некаторых жывёлаў, калі такое выкарыстаньне надае рэкляме дадатковую моц».
Уладзімер Мацкевіч агулам скептычна выказаўся пра пабудаваную на сельскагаспадарчай дзейнасьці перадвыбарчую кампанію першай асобы краіны:
«Вырошчваць кавуны і бульбу на тэрыторыі прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі — гэта дурны рэклямны ход, які, на жаль, вельмі добра супадае зь беларускай мэнтальнасьцю. Навошта прэзыдэнту вырошчваць бульбу? Няўжо не хапае палёў у Беларусі? Ды не, проста ёсьць у нас такая завядзёнка, што нават вельмі заможныя людзі павінны гарбаціцца на сваіх шасьці сотках. У выніку вырашчаная бульба становіцца ня ежаю, а нацыянальным сымбалем, кшталту вышыванкі. Вядома, кожны павінен займацца сваёй справай: прэзыдэнт мусіць разьбірацца ў праблемах краіны і лепш сачыць за эканамічнымі паказчыкамі, а не капаць бульбу. Нават калі чалавеку трэба адпачыць і пераключыцца на фізычную працу — для гэтага ёсьць фітнэс-клюбы і хакейныя арэны».
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі наадварот станоўча ацаніў асьветлены дзяржаўнымі СМІ ўчынак Мікалая Лукашэнкі, падкрэсьліўшы, што такім чынам сын прэзыдэнта дае станоўчы прыклад тым, хто ня дбае пра старых і інвалідаў:
«Гэта вельмі добры прыклад для аднагодкаў Колі. Трэба дапамагаць старэйшым, не забываць пра бацькоў. Я ў меншай ступені бачу тут функцыю афіцыйнага прадстаўніцтва сына прэзыдэнта, хаця палітычны складнік, безумоўна, тут ёсьць. Але ўвогуле не хацелася б казаць тут пра піяр. Вельмі добра, што дзіця прэзыдэнта не ў казіно сядзіць, а выконвае сацыяльную нагрузку. Тое, што Коля бяз бацькі паехаў у інтэрнаты, сьведчыць пра тое, што хлопчык расьце і ўжо можа нешта рабіць самастойна».