Зборшчыкі подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў на Гарадзеншчыне кажуць, што напрыканцы этапу збору подпісаў людзі больш ахвотна зь імі размаўляюць і ставяць свае подпісы.
Гарадзенец Мікола Воран, які зьбірае подпісы за Анатоля Лябедзьку, стаіць у пікеце адзін. Аднаго разу яму нават давялося перажыць напад нядобразычліўцаў. Паводле назіральнікаў, ягоны пікет, магчыма, найбольш ажыўлены ў Горадні, пакуль тут найчасьцей зьбіраюцца прадстаўнікі электарату і дыскутуюць, часам нават надта горача.
Воран кажа, што раней часта прыходзілі адны і тыя прыхільнікі Лукашэнкі і імкнуліся паўплываць на тых, хто ставіў подпісы за Лябедзьку, але апошнім часам іх ня стала. Людзі сьмялей пачалі падыходзіць да яго з пашпартамі, зьявілася больш прыхільнікаў.
— Некаторыя раней адкрыта казалі, што іх папярэджвалі на працы, палохалі, што гэтыя дадзеныя трапяць куды ня трэба. А цяпер яны бачаць, што пакуль ніхто нікога не чапае, а ўжо мінуў амаль месяц, і людзі паступова страцілі страх. Дарэчы, і я стаяў увесь час на пікеце, і міліцыя мяне не чапала, і гэта ўсе бачылі.
Your browser doesn’t support HTML5
Слонімскі актывіст спадар Аляксандар, які зьбірае подпісы за Тацяну Караткевіч, таксама адзначае, што людзі пачалі больш актыўна ставіць подпісы. Праўда, іх каманда у Слоніме гэтым разам амаль уся складаецца з навічкоў, у адваротным выпадку яны маглі б набраць подпісаў у некалькі разоў болей.
Падпісваюцца цяпер вельмі добра за нашага прэтэндэнта, але бываюць выпадкі, як да прыкладу ўчора, што перада мною прабегся прадстаўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі
— Падпісваюцца цяпер вельмі добра за нашага прэтэндэнта, але бываюць выпадкі, як да прыкладу ўчора, што перада мною прабегся прадстаўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, і пасьля гэтага чую аднолькавыя адказы: мы абіраем аднаго і болей ні за каго падпісвацца ня будзем. Але вельмі многія кажуць: няхай спрабуюць, няхай будзе жанчына, хопіць яму ўжо...
Мастоўскі актывіст, спадар Язэп, які зьбірае подпісы за Караткевіч, адзначае вялікую апатыю сярод электарату, але кажа, што да апазыцыйных кандыдатаў стаўленьне заўважна зьмянілася — усё болей людзей не баяцца пра іх гаварыць і ставіць свае подпісы.
— Толькі вельмі часта людзі кажуць, што падтрымліваюць кандыдата Караткевіч, але перакананыя, што яна ня зможа нікуды прайсьці.
— Толькі вельмі часта людзі кажуць, што падтрымліваюць кандыдата Караткевіч, але перакананыя, што яна ня зможа нікуды прайсьці. Людзі папросту ня вераць у гэтыя выбары, у іх справядлівасьць, што іх можна выйграць у гэтага чалавека. Яны перакананыя, што тая каманда, якая на яго працуе, намалюе вынікі, якія ім патрэбныя. Вось такое стаўленьне ў людзей". Жыхар Ваўкавыска спадар Мікалай кажа, што наагул не сустракаў у горадзе зборшчыкаў подпісаў нават за Лукашэнку, ня тое, што за апазыцыйных кандыдатаў. Паводле яго, адпаведна і электарат ставіцца да гэтых выбараў абыякава.
— Людзі абыякавыя, бо ведаюць, каго абяруць, наколькі абяруць... Нават самы звычайны чалавек разважае — а навошта гэта ўсё? Ніхто ні пра якія зьмены не гаворыць, бо ўсе ўпэўненыя, што застанецца так, як ёсьць. Калі яшчэ нехта чытае інтэрнэт, то мае нейкую інфармацыю, а абывацель кажа наўпрост: навошта марнаваць грошы на гэтыя выбары, няхай ён працуе надалей і ўсё...