У Менску адбылося разьвітаньне з народным артыстам Беларусі Сяргеем Жураўлём.
Паводле народнай традыцыі, люстэркі пры ўваходзе ў глядзельную залю Купалаўскага тэатра былі завешаныя тканінай, а глядацкая заля — у паўзмроку. Прыйшлі разьвітацца перадусім калегі: акторы-купалаўцы, артысты тэатра Юнага гледача, Моладзевага тэатру, дзе таксама працаваў Сяргей Журавель, і іншых менскіх сцэнаў. А яшчэ — вялікая колькасьць аматараў тэатра і прыхільнікаў творчасьці артыста. Каб ускласьці кветкі да труны і гэтым аддаць апошняе шанаваньне цудоўнаму актору і чалавеку, людзі выстройваліся ў чаргу яшчэ на вуліцы.
Гутару зь некаторымі:
«Мы суседзі — акторы ТЮГу. Прыйшлі правесьці ў апошні шлях нашага любімага актора і калегу. Гэта цудоўцы актор і чалавек, і такіх у нас вельмі мала. І таму гэта вельмі вялікая страта для ўсёй тэатральнай супольнасьці Беларусі».
На разьвітаньне труна з целам Сяргея Жураўля была ўсталяваная на сцэне і праз некаторы час ужо патанала ў прынесеных кветках. Некаторыя падыходзілі, каб коратка памаліцца, падтрымаць сваякоў памерлага. Хто заставаўся ў залі — мог пабачыць відэашэраг з фрагмэнтамі спэктакляў з удзелам Сяргея Жураўля. Праз асобны ўваход кветкі прынесьлі чыноўнікі Менскага гарвыканкаму. А міністр культуры Барыс Сьвятлоў зачытаў спачувальны ліст сваякам атрыста ад імя Аляксандра Лукашэнкі. Першым словы памяці сябру і калегу сказаў галоўны рэжысэр тэатру Мікалай Пінігін:
«Сказаць, што гэта страта для купалаўскага тэатра — мала сказаць. Гэта страта для ўсяго беларускага мастацтва. З Сяргеем мы разам вучыліся ў школе, закончылі тэатральна-мастацкі інстытут, на рыбу езьдзілі разам... Разам працавалі і стварылі шмат спэктакляў... Мне вельмі цяжка казаць, бо гэта быў мой сябар і гэта быў адзін з маіх самых любімых артыстаў, зь якімі я працаваў усё сваё жыцьцё. Такіх артыстаў вельмі і вельмі мала: народны артыст Беларусі, цудоўны чалавек, мінчанін, інтэлігент ... І сьведчаньнем таму — гэты няспынны паток людзей, які ідзе разьвітацца».
Акторы розных тэатраў, рэжысэры, сцэнарысты, былыя аднакурсьнікі і сябры адзначалі незвычайн талент артыста, ягоную высокі прафэсіяналізм, інтэлігэнтнасьць, таварыскасьць і культуру, ягоную плённую працу ў тэатры, кіно і радыё. А вядучы актор-купалавец Віктар Манаеў, які разам з Сяргеем Жураўлём стваралі такія бліскучыя спэктаклі, як «АРТ», «Вячэра з прыдуркам» і многія іншыя, гэтак сказаў пра паплечніка і сябра:
«Любоў нас сабрала тут, якая не памірае. Яна ня можа памерці, бо па вызначэньні — несьмяротная. Пэўна, дзівіцца душа Сяргея, колькі людзей любілі яго і пэўна, гэта яшчэ ня ўсе людзі. Ёсьць браты па крыві, ёсьць браты па духу. Сяргей быў мне братам па тэатру: дваццаць гадоў былі разам вельмі шчыльна. Гэта вялікае шчасьце працаваць з там чалавекам. Нават, калі не было сілаў, ягоная энэргэтыка, ягоны выбухны тэмпэрамэнт, ягоныя вочы — яны дапамагалі вырасьці крылам за стьпінай і ня толькі ў калегаў-актораў, але і гледачоў у тэатры. Сяргей быў незвычайны і самаахвярны сябар. А ахвярнасьць — першы і галоўны прызнак любові, якой ён адорваў блізкіх, родных, свае ролі і гледачоў».
Ганаровая вайсковая варта, якая прысутнічала на пахаваньні, выносіла труну з целам артыста з будынку тэатра пад гукі аркестра і авацыі калегаў і гледачоў. Аплядысмэнты не сьціхалі на ўсім шляху, пакуль жалобная працэсія рухалася да галоўнага праспекту сталіцы. Сяргея Жураўля пахавалі на Усходніх могілках Менску.