Tuzin.fm пагутарыў зь Ігарам Варашкевічам напярэдадні яго 55-годзьдзя пра невядомыя старонкі яго гісторыі і дазнаўся колькі аўтарскіх атрымлівае пачынальнік беларускага незалежнага року, а таксама здабыў рарытэтныя фота і відэа трох ягоных гуртоў — «Бонды», «Рокісу» і «Крамы».
15 жніўня Ігару Варашкевічу споўніцца 55 гадоў. Песьні ў яго выкананьні добравядомыя аматарам беларускага року. Спадар Ігар быў адным з тых, хто закладаў такую зьяву, як беларускі незалежны рок. Але пры гэтым творчасьць ягоных гуртоў практычна не дасьледавана. Хто ведаў, што ягоная «Крама» магла стаць польскім гуртом, чаму ангельскамоўная вэрсія «Будзь разам з намі» засталася без куплетаў, за што Варашкевіча й кампанію абвінавачвалі ў фашызьме, якім чынам адзін з альбомаў быў запісаны на піўзаводзе? Віктар Сямашка сустрэўся з жывым клясыкам белроку напярэдадні 55-годзьдзя, каб ліквідаваць некаторыя белыя плямы ў гісторыі нашай музыкі, а таксама каб пагутарыць пра сучаснасьць.
Your browser doesn’t support HTML5
Адмыслова для гэтага матэрыялу былі знойдзеныя рарытэтныя матэрыялы — фота і відэа публікуюцца ўпершыню. Таксама як і запісы гітоў «Бонды» й «Крамы» ў сумесным выкананьні з школьным хорам зь Беластоку «25 АБ-БА аркестар» (прэм’ера ўсяго праекту адбудзецца на Tuzin.fm у найбліжэйшы час).
МІЖ ЦЭНЗУРАЙ І ФАРМАТАМ
ТГ: Калі Вашыя ўзаемаадносіны з уладамі, з афіцыйнай цэнзурай былі найбольш цяжкімі: у 1980-х, калі сьпявалі ў «Бондзе», ці сёньня з «Крамай»?
І. Варашкевіч: Цяпер, безумоўна. Тады пачыналася «перабудова». І нават па тэлебачаньні нас паказавалі…
Гурт «Бонда» ў этэры БТ, 1986 год. Ігар Варашкевіч — вакал, Слава Корань — гітара, Іван Маркаў — гітара, Сяргей Краўчанка — бас, Сяргей Брыкса — бубны. Вядоўца — Віталь Сямашка.
ТГ: Дык «Крама» цяпер у якім статусе — забароненая ці разбароненая?
І. Варашкевіч: Вось мяне запрасілі на ранішнюю перадачу на АНТ, з «Савецкай Беларусіі» тэлефанавалі…
ТГ: Гэта шмат пра што гаворыць.
І. Варашкевіч: Размова зь імі, напэўна, будзе пра тое, як я цудоўна жыву (сьмяецца).
ТГ: Разам з тым, песьні з апошняга альбома «Крамы» «Белая вада» ня надта круцяць па радыё.
І. Варашкевіч: Я сам для сябе адказаў на пытаньне: «Што такое радыёфармат?» Гэта калі ты слухаеш музыку, і яна ідзе проста фонам. Сярэднестатыстычныя песьні, бяз сэрца, але пажадана пра каханьне.
ТГ: І каб чутыя ўжо мільён разоў.
І. Варашкевіч: Так. А нашыя песьні прымушаюць прыслухоўвацца, шукаць сэнс. Значыць, гэта ўжо нефармат, і этэраў няма. Калі я нядаўна хадзіў за аўтарскімі адлічэньнямі, то за 3 месяцы яны склалі 45 тыс. рублёў. А ў «Стокса» (Аляксея Смалякова, лідэра гурта «Стокс», — заўвага Tuzin.fm), я пытаўся, бывае па 9 млн. Прычым, гэты чалавек не жыве ў Беларусі ды нічога пра Беларусь не сьпявае, акрамя «Между Клецком и Пинском».
ТГ: А ці слухаеце ўласныя запісы? Якія «крамаўскія» альбомы найбольш даспадобы Вам асабіста?
І. Варашкевіч: Я мала слухаю «Краму». Але, калі слухаю, то «The Best», сыграны з Apple Tea, і «Камэндант», які запісвалі ў 1995 годзе жыўцом на піўзаводзе «Крыніца». У нас там быў рэпэтыцыйны пункт.
ТГ: «Краму» ўвесь час крытыкавалі за нязьменнасьць стылю — клясычны блюз-рок. Вы нібыта канстанта ў беларускім року.
І. Варашкевіч: А мне пляваць! Я ніколі ня думаў, што буду падзяляць кансэрватыўныя погляды. Але нармалёвы кансэрватызм — гэта ня дрэнна.
Адзіны вядомы на дадзены момант відэазапіс гурту «Рокіс», зь якога потым паўстане гурт «Крама». Канцэрт у сквэры Янкі Купалы. «Пагоня» Багдановіча на музыку Варашкевіча ўвайшла ў адзіны альбом «Рокіс» «Народжаны тут» (1991 г.)
ПА-АНГЕЛЬСКУ ДЫ ПА-ПОЛЬСКУ
ТГ: Чаму рок-пакаленьне 80-х — Вы, Вольскі, Корань… — вызначылася вялікай прыязнасьцю да польскага року?
І. Варашкевіч: Я пачаў слухаць палякаў яшчэ ў 70-я гады — блюзавы гурт Breakout. А ў 1981 годзе, калі вярнуўся з войска, пачалося ўсё адразу — Maanam, Lady Punk, Wanda I Banda, Oddział Zamknięty, Lombard, якому нядаўна забаранілі канцэрт у Горадні…
ТГ: А як гэтыя польскія запісы прыйшлі да Вас, тады яшчэ простага хлапчука з Баранавічаў?
І. Варашкевіч: Я слухаў іх па радыё. Там шмат лавілася й польскіх, і чэскіх праграмаў. Плюс «Голас Амэрыкі».
ТГ: Польская скіраванасьць і адрозьнівала белрок 80-х ад, скажам, піцерскага ці сьвярдлоўскага.
І. Варашкевіч: Нас таму асабліва й не разумелі з расейскага боку. Аднак, акром палякаў, я слухаў і ангельскія гурты — і Dire Straits, і Sex Pistols, Clash, Cure, Pretenders, Blondie, Depeche Mode… Ад 77-га году да сёньня я слухаю AC/DC. Гэта ж Лявон Вольскі ня раз казаў, што я спалучаю неспалучальнае — панк з блюзам. Насамрэч, яны ўсё ж такі спалучаюцца.
Запіс з дабрачыннага канцэрту, прысьвечанага ўгодкам БНР, 1993 г. «Бэйба» (альбо «Мілка») — песьня «Крамы», якая засталася студыйна незапісанай зь беларускім тэкстам. Англамоўны варыянт увайшоў у альбом «Vodka on Ice».
ТГ: Між іншым, з Польшчай у Вас шмат чаго зьвязана.
І. Варашкевіч: Мая бабуля — полька з Паставаў. Для мяне менавіта палякі — братэрскі народ, а не расейцы. Памятаю, што Павук з «Коррозии метала» ды некаторыя іншыя нас фашыстамі лічылі, таму што я выступаў у чорнай кашулі й бэрэтцы. Дурдом! У Магілёве ў 1994 годзе падчас першых выбараў нейкі прыпанкаваны хлопец бегаў і крычаў «Фашысты!» на нас.
ТГ: Ці праўда, што «Крама» мела шанец стаць польскім гуртом?
І. Варашкевіч: Так, у сярэдзіне 90-х мы пазнаёміліся з палякам Ігорам Яшчукам з гурту BBK. Езьдзілі разам на канцэрты, фэстывалі ў асноўным каля Любліна. Там жа ў Любліне пачалі запісваць польскамоўныя вэрсіі нашых песень «Бяжы, хлопец», «Мама…». Мы загучалі як AC/DC. Я нават пасьля гэтага не хацеў у беларускія студыі садзіцца. Потым нешта не атрымалася, пасварыліся. Ды ў мяне паўсталі праблемы з акцэнтам.
ТГ: Ці захаваліся тыя люблінскія запісы?
І. Варашкевіч: Мы ўпотай скінулі працоўны матэрыял на касэтку нашаму гукаапэратару. Але яна кудысьці зьнікла.
ТГ: Дарэчы, наконт перакладаў. Куды на ангельскім альбоме «Крамы» «Vodka on Ice» 1993 году зьніклі куплеты зь песьні «Будзь разам з намі»? Застаўся толькі рэфрэн «Let's Get Together».
І. Варашкевіч: Песьня была цалкам перакладзеная. Але прадусары вырашылі, што я немэлядычна прасьпяваў і пакінулі толькі голас Андрэя Лявончыка. Пра маё меркаваньне не спыталіся. Атрымалася гэткая сьмешная кастрацыя песьні.
«Крама» на БТ. Па словах Ігара Варашкевіча, гэта самы пачатак існаваньня гурту, 1991 год.
НАРОДНЫЯ ГУЛЯНЬНІ
ТГ: Як плянуеце сьвяткаваць прыгожую дату — 55?
І. Варашкевіч: Я дастаткова падазрона стаўлюся да юбілеяў. Яны даволі часта сканчаюца ня вельмі добра. Сваё 50-годзьдзе я таксама сьвяткаваў як звычайны дзень народзінаў. А тут Віталь Супрановіч прапанаваў зрабіць канцэрт, і я толькі з-за гэтага згадзіўся. Канцэрт адбудзецца 30 жніўня (рэд. — зірніце ў нашу «Афішу»). А менавіта 15 жніўня, я думаю, пойдзем зь невялікай кампаніяй у яблыневы сад, што побач з маім домам. Хаця, калі такая сьпёка будзе, то я ўвогуле ня буду нічога рабіць.
ТГ: А 30-га жніўня будзе звычайны канцэрт «Крамы»? Ці сяброў запросіце на сцэну?
І. Варашкевіч: Няма часу падрыхтавацца. Ды ўсе ў адпачынку. Прапаную, можа, Алегу Хаменку выйсьці. Тым больш, налета будзьма сьвяткаваць 25 гадоў «Крамы». Тады ўжо будзем рабіць канцэрт з запрошанымі музыкамі. Канцэртаў ня вельмі шмат у нас, таму проста канцэрт — гэта ня так дрэнна.
ТГ: Дарэчы, апошні дыск «25 АБ-БА аркестру» з вашым удзелам сьведчыць пра народнае прызнаньне: 3 з 11 песень Вы выконваеце разам са школьным хорам зь Беластоку.
І. Варашкевіч: Так. Толькі я ўжо ня першы год зьдзіўлены, што на Беласточчыне ведаюць толькі «бондаўскія варыянты» «Стэфкі» й «Слуцкае брамы». То бок, «крамаўскія» песьні ніхто там ня ведае. Толькі «Будзь разам з намі».
ТГ: Ігар, Вы бачыце сябе на сцэне праз 20 гадоў, як той Мік Джагер?
І. Варашкевіч: Джагер ня жыў у Беларусі ў 90-я гады, ня піў гарэлку «Зьвер» і сьпірт «Раяль». Таму я спадзяюся, што буду здольны стаяць на сцэне ды сьпяваць, але, як адбудзецца, ня ведаю. Тым больш «ролінгі» запатрабаваныя, яны зьбіраюць мільёны людзей. А тут ты то разбаронены, то забаронены. То цябе запрасілі на фэстываль, то ты нікому непатрэбны месяц-два. Прасілі новы альбом — выйшаў альбом, і што далей?! Хто яго чуў? Толькі тыя, хто набыў. А на канцэртах па-ранейшаму крычаць: «Бяжы, хлопец»!
Гурт «Крама» на БТ у перадачы «Рок-айлэнд». Ігар Варашкевіч — вакал, Сяргей Трухановіч — гітара, Ільля Шэўчык — гітара, Руслан Праўда — бас, Андрэй Лявончык — клявішы.
Фота й відэа публікуюцца ўпершыню. Фота — з архіву Ігара Варашкевіча. Відэа — з архіву Ўладзімера Зайчанкі.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm