У Маскве група праваслаўных актывістаў на чале з Дзьмітрыем Царыонавым (па мянушцы Энтэо) учыніла пагром на выставе ў Манэжы, разьбіўшы некалькі скульптур 60-70-х гадоў.
Экспазыцыя, на думку актывістаў, абражае пачуцьці вернікаў.
Праваслаўныя актывісты ўвечары 14 жніўня ўварваліся на выставу «Скульптуры, якія мы не бачым». Пацярпелі скульптуры і рэльефы на тэму расьпяцьця Хрыста. Акрамя таго, на выставе таксама ёсьць скульптуры, прысьвечаныя хрысьціянскім прарокам, перадае РИА «Новости».
Дзьмітрый Царыёнаў, які ўзначальвае грамадзкі рух «Божая воля», напісаў ўвечары ў пятніцу ў твітэры: «У самым цэнтры Масквы на выставе страшнае блюзьнэрства, бяжым ліквідаваць!»
У інтэрвію Інтэрфаксу Цырыёнаў назваў экспазыцыю богазьняважлівай, адзначыўшы, што «Ісус Хрыстос намаляваны ў непатрэбным выглядзе». «Мы хочам, каб гэтая выстава была зачыненая, каб закон аб абароне пачуцьцяў вернікаў рэальна выконваўся, каб у галоўным выставачным цэнтры краіны не было такога бруднага, жорсткага глумленьня з Хрыста і сьвятых».
Усіх удзельнікаў пагрому даставілі ў аддзел паліцыі для складаньня пратаколаў і дачы паказаньняў.
Сёньня быў першы дзень працы выставы, якая заняла ўсе тры тысячы квадратных мэтраў Манэжа. Цэнтральнае месца адведзена працам маскоўскіх скульптараў Вадзіма Сідура, Мікалая Сіліса і Уладзімера Лемпорта. Гэта ўдзельнікі мастацкага аб’яднаньня, якое існавала з 1954 па 1968 год.
У сакавіку 2013 года сябры руху «Божая воля» уварваліся ў офіс партыі «Яблыка» у Маскве, узялі літаратуру, выдадзеную партыяй, і спалілі яе ў вестыбюлі станцыі мэтро «Новакузьнецкая».
Таксама яны зладзілі акцыю ў дзяржаўным Дарвінаўскім музэі ў Маскве. На даху будынку яны замацавалі банэр з надпісам: «Бог стварыў сьвет».
У 2013 годзе актывісты «Божай волі» паспрабавалі сарваць спэктакаль «Ідэальны муж» на сцэне МХТ, які ў Рускай праваслаўнай царкве палічылі блюзьнэрскім.