Сёньня апошні дзень працы ў Беларусі амбасадара Польшчы Лешэка Шарэпкі.
Тэрмін яго кадэнцыі скончыўся, і спадар Шарэпка пакідае Беларусь. Свабода сабрала пяць самых яркіх фактаў пра кіраўніка дыпляматычнай місіі Польшчы.
1. Ініцыятар прэміі імя Гедройця
З ініцыятывы Лешэка Шарэпкі ў Беларусі ўзьнікла прэстыжная літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця. Яна заснаваная амбасадай Польшчы ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы «Ідэя-банку». Паводле літаратараў і выдаўцоў, дзякуючы гэтай прэміі колькасьць кніг на беларускай мове за апошнія гады істотна вырасла.
Лешэк Шарэпка адзначыў, што ён вельмі рады, што прэмія імя Ежы Гедройця становіцца надзвычай прэстыжнай і ўплывовай у Беларусі. Ідэі Ежы Гедройця, якія тычацца адносінаў паміж Польшчай і бліжэйшымі суседзямі на ўсходзе, заўсёды абумоўлівалі кірункі зьнешняй палітыкі Польшчы. І найважнейшая з гэтых ідэяў – тэзіс аб падтрымцы нацыянальнага адраджэньня і сувэрэнітэту, а таксама нацыянальнай мовы.
2. Высланы зь Беларусі
Шарэпку ў крызісны час беларускія ўлады "папрасілі" пакінуць Беларусь. Ён вымушаны быў зьехаць з краіны разам са спадарыняй Майрай Морай – кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. Пасьля таго як сытуацыя стала спакайнейшая, амбасадар вярнуўся ў Беларусь.
3. Аўтар дзіцячай кнігі
У Менску ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы прэзэнтавалі дзіцячую кніжку амбасадара Польшчы ў Беларусі Лешэка Шарэпкі «Прыгоды коціка-Грукоціка». Гэта, напэўна, першы выпадак у гісторыі незалежнай Беларусі, калі амбасадар замежнай краіны апублікаваў кнігу для дзяцей па-беларуску.
4. Працаваў у трох офісах амбасады
Лешэк Шарэпка – адзіны амбасадар у Беларусі, які вымушаны быў падчас сваёй кадэнцыі зьмяніць тры службовыя памяшканьні. Напачатку ён працаваў у будынку амбасады на вуліцы Румянцава, які беларускія ўлады вырашылі забраць сабе. Затым быў пераезд на вуліцу Крапоткіна, дзе месьціўся консульскі аддзел амбасады. Урэшце амбасада арандавала памяшканьне ў будынку па вуліцы Зьмітрака Бядулі. Спадар Шарэпка кажа: галоўнае, што ён не пасьпеў зрабіць у Беларусі, – гэта пабудаваць новую амбасаду ў раёне Камсамольскага возера.
5. Застанецца зьвязаны зь Беларусьсю
Па вяртаньні ў Польшчу Лешэк Шарэпка будзе працаваць у варшаўскім Цэнтры ўсходніх дасьледаваньняў. Цікава, што працаваў ён тут і раней. Менавіта адсюль Лешэк Шарэпка быў запрошаны на дыпляматычную працу. І вось адбываецца вяртаньне ў сваю ўстанову, якая займаецца ў тым ліку і Беларусьсю.