Сёлета ўсясьветная грамадзкасьць ушаноўвае памятныя даты, зьвязаныя з заснавальнікам супрэматызму ў авангардным мастацтве Казімірам Малевічам: 100 гадоў ад першага экспанаваньня самага знакамітага ягонага твору «Чорны квадрат» і 80 гадоў з дня сьмерці мастака і філёзафа. ЮНЭСКО афіцыйна абвясьціла 2015-ты годам Малевіча.
Самы вялікі збор твораў мастака сканцэнтраваны ў Музэі сучаснага мастацтва Стэдэлік у Амстэрдаме (Stedelijk museum). 68 працаў рознага пэрыяду былі набытыя гарадзкім музэем у 1958 годзе — сюды яны трапілі зь Нямеччыны, дзе пасьля Бэрлінскай выставы 1927 году засталіся на захаваньні ў архітэктара Х’юга Герынга ў ягоным радавым маёнтку ў Бібэраху паблізу Мюнхэна. Яшчэ некалькі карцін выправіліся за акіян, а два дзясяткі загадкавым чынам дзесьці «растварыліся».
Пасьляваенны распродаж калекцыі даў чатыром дзясяткам сваякоў Малевіча з 10 краінаў падставу, каб абвінаваціць нашчадкаў Герынга і амстэрдамскі музэй у незаконнай зьдзелцы. У сярэдзіне 2000-х пяць значных працаў пайшлі на тое, каб адкупіцца ад «дакучлівых кліентаў», і практычна адразу ж адна з супрэматычных карцін пайшла з малатка за 60 мільёнаў даляраў. Грошы, як мяркуецца, падзялілі паміж сабой прэтэндэнты на спадчыну Малевіча.
Дзеля таго каб трапіць у Стэдэлік, трэба паклапаціцца загадзя — або замовіць на музэйным сайце квіток на пэўны прамежак часу, альбо правесьці некалькі гадзін у людзкім «хвасьце» перад уваходам у «ванну» (менавіта так выглядае гэтая частка будынка пасьля працяглай рэстаўрацыі). Праўда, у апошнім выпадку — без гарантыі, што ваша чарга надыдзе ўвогуле.
Стылістыка экспазыцыі пэрыядычна карэктуецца. Нягледзячы на юнэскаўскі год Малевіча, да восені большая частка заляў аддадзеная францускаму клясыку Анры Матысу. Некалькі карцін пачатку ХХ стагодзьдзя, выкананых гуашшу, раскіданыя паміж твораў іншых аўтараў — у тым ліку суседнічаюць з працамі калегі па віцебскім пэрыядзе Марка Шагала.
Уласна супрэматычным творам Казіміра Малевіча аддадзеная адна сьцяна ў залі, на астатніх прыстроіліся ягоныя міжнародныя пасьлядоўнікі. Нешматлікасьць экспанатаў кампэнсуецца тым, што арыгіналы можна фатаграфаваць — прынамсі, пра нейкія абмежаваньні не паведамляецца.
На суправаджальных інфармацыйных таблічках адразу кідаецца ў вочы прадстаўленьне Малевіча: нарадзіўся ў Кіеве, памёр у Ленінградзе, рускі мастак.
З падобнай адраснай прывязкай катэгарычна ня згодны беларускі прадаўжальнік славутага роду Ігар Малевіч — ягоная фамільная галіна ідзе ад Паўла, старэйшага брата Казіміра. У грунтоўным дасьледаваньні «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу» прафэсар, доктар фізыка-матэматычных навук ці не ўпершыню засяродзіўся на тэме беларускасьці майстра.
У сваёй кнізе Ігар Малевіч сьцьвярджае, што насамрэч ягоныя продкі паходзяць не зь цяперашняй Украіны, а з Капыльшчыны. Аднак яшчэ ў бацькі Казіміра былі прычыны фальсыфікаваць пэўныя эпізоды свайго жыцьця. Сьцяпан-Севярын Малевіч, удзельнік вызвольнага паўстаньня Кастуся Каліноўскага, неўзабаве пасьля здушэньня супраціву быў вымушаны ратавацца ад карных атрадаў цара.
Менавіта гэтая акалічнасьць пагнала яго з жонкай і дзецьмі з родных земляў пад украінскі Канатоп, дзе паступова атабарылася цэлая калёнія такіх, як ён, уцекачоў-літвінаў. Тут дзеля царкоўнага дакумэнту перахрысьціліся з уніятаў у праваслаўныя. Менавіта ад таго моманту, паводле суразмоўцы, у біяграфіі Малевічаў узьнік украінскі сьлед:
«Сапраўды, там апынулася досыць вялікая колькасьць нашага народу. Калі на беларускіх землях пачаў зьверстваваць Мураўёў-вешальнік, вы ведаеце, што пачалося: і ўніяцкія цэрквы зьнішчаліся, і вышуквалі да трэцяга пакаленьня сваякоў, зьвязаных з актыўнымі ўдзельнікамі паўстаньня Кастуся Каліноўскага (дарэчы, у тым раёне дзейнічалі атрады Юзіка Каліноўскага, брата Кастуся). І несумненна, шмат хто небеспадстаўна баяўся за сваё жыцьцё, бо тысячы абвінавачаных ужо пайшлі на катаргу, тысячы былі выпраўленыя ў Сыбір. Таму пэўная колькасьць людзей, у тым ліку моцнае сялянства, пачалі адсюль уцякаць, пачала хавацца, шукалі для сябе іншую біяграфію. Так пад Кіевам зьявілася вялізная колькасьць як беларускіх царкоўных уніяцкіх дзеячаў, так і людзей, зьвязаных з паўстаньнем Каліноўскага. І гэтая „лінія адступленьня“ добра вядомая. Так што гэта абсалютна праўдзівы момант, што яго бацька зьехаў зь Беларусі. І ён мог зьмяніць ня толькі імя, але і прозьвішча, і ўсю гісторыю свайго жыцьця, бо трэба было ратаваць сям’ю, трэба было неяк прыстасоўвацца. Але без сумневу, што гэта быў чалавек, глыбока прывязаны да Радзімы, у яго былі глыбокія літвінскія карані. Тую памяць ён намагаўся нейкім чынам захаваць, а гэтае памкненьне перадаў і сваім дзецям», — кажа Ігар Малевіч.
Апроч мастацкіх твораў, у амстэрдамскім Стэдэліку ёсьць і досыць аб’ёмісты збор дакумэнтаў; на шмат якіх аркушах — почырк Малевіча-філёзафа. Як кажа дасьледчык жыцьця свайго знакамітага сваяка Ігар Малевіч, нават па гэтых характэрных рысах можна вызначыць беларускую лінію Казіміра — манера пісаньня дакладна такая ж, як у ягонага бацькі.
Імправізаваны экспэрымэнт з ідэнтыфікацыяй асобаў наладзілі яшчэ паўтара дзясятка гадоў таму ў нью-ёрскай студыі тэлеканалу пра ўсясьветнае мастацтва. Фатаздымкі Казіміра і Ігара паставілі побач, а потым сумясьцілі — амаль поўная тоеснасьць, больш за 100 агульных рысаў твару (пры тым, што ўнікальным лічыцца падабенства ўтрая меншае). Гэткім жа чынам былі накладзеныя здымкі Казіміра і Аляксандра, бацькі Ігара — выявы мужчынаў у адным узросьце супадалі бездакорна:
«Уявіце, напрыклад: я трапляю ў музэй Стэдэлік. Там шмат дакумэнтаў, напісаных рукой Казіміра Малевіча. Я ведаю почырк свайго бацькі, у мяне ёсьць ягоныя лісты з вайны — яны фактычна цалкам супадаюць, для адмыслоўцаў тут няма ніякіх сакрэтаў. То бок застаецца правесьці ідэнтыфікацыю почыркаў, правесьці ідэнтыфікацыю партрэтнага падабенства — і ўсё, на гэтую справу абапірацца. Я не настойваю, але досыць шырока абмяркоўваліся гэтыя карцінкі — два партрэты сумяшчаліся спачатку на амэрыканскім тэлебачаньні, а потым дубляваліся на беларускім. 114 прыкметаў супадзеньняў толькі на твары — гэта ж пра нешта сьведчыць! Іншыя два здымкі — майго бацькі і Казіміра — таксама практычна нельга адрозьніць. Неабходна ўсе гэтыя моманты вывучаць, патрэбныя людзі, якія захочуць гэтую справу даказваць. Я ў сваім жыцьці быў апантаны іншай навукай, больш практычнай, якая была патрэбная і дзяржаве, і сыстэме, на якую накладалася савецка-амэрыканскае супрацьстаяньне. Я, на жаль, позна заняўся гэтай тэмай. Каб меў магчымасьць гадоў на 10 раней заняцца гісторыяй супрэматызму Казіміра Малевіча, то, напэўна, яшчэ нешта знайшоў бы».
Летась у рамках Году гасьціннасьці, прывязанага да чэмпіянату сьвету па хакеі, пад адкрытым небам на менскай плошчы Якуба Коласа прайшла выстава рэпрадукцыяў Казіміра Малевіча. Было прадстаўлена 17 працаў мастака са сховішчаў Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве і Рускага музэю ў Санкт-Пецярбургу.
Your browser doesn’t support HTML5
Ігар Малевіч усьцешаны, што да асобы творцы нарэшце павярнуліся тварам, але выказвае жаль, што ягоная беларускасьць па-ранейшаму ставіцца пад сумнеў. А пры такім падыходзе чакаць, што хтосьці зь беларускіх дзяржаўных дзеячаў будзе прэтэндаваць на лягічнае вяртаньне часткі калекцыі з амстэрдамскага Стэдэліку ў Беларусь, наўрад ці выпадае:
«Я шмат выказаў слоў адносна той выставы на плошчы Якуба Коласа... Нельга было вешаць расейскую біяграфію Казіміра Малевіча. Калі ласка, павесьце дзьве вэрсіі: вось вэрсія Рускага музэю, а вось наша нацыянальная вэрсія. Хай людзі пачытаюць, хай падумаюць, якія зьвесткі адпавядаюць рэальнасьці. Бо ўсе матэрыялы, надрукаваныя ў кнізе, былі ў поўным аб’ёме перададзеныя арганізатарам выставы — я асабіста падрыхтаваў тэксты, якія маглі быць экспанаваныя. На жаль, яны выпалі з-пад увагі зацікаўленых асобаў. А гэта ж таксама музэй. У сучасным сьвеце місія музэйнай установы — вялізная праблема. Чым займаецца музэй, што ён хоча паказваць, якая ягоная роля ў тым ці іншым грамадзтве? Гэтая адказнасьць ляжыць у тым ліку на музэйных работніках. Тым больш — шмат ужо сказана, былі прэзэнтацыі кнігі, падчас якіх выступалі і міністры культуры, і мастацтвазнаўцы, і літаратары, і знакамітыя ўсясьветныя фізыкі. Асоба Казіміра Малевіча была абмеркаваная з усіх бакоў. Але ніякай рэакцыі ў Беларусі! Гэта, на жаль, самае крыўднае, бо без удзелу дзяржавы зрабіць нешта цяжка. У нас няма мэцэнацтва, няма дастаткова заможных людзей, якія б цікавіліся мастацтвам, таму роля дзяржавы тут вядучая. Толькі дзяржава можа ўзьняць гэты сымбалізм. І для дзяржавы гэта надзвычай важна — перадусім дзеля таго, каб ідэнтыфікаваць, што такое Беларусь. Нідзе ў сьвеце асабліва і ня ведаюць, дзе яна. А зьвязаць гэтыя два імені разам — вялізная ідэя. Пакажыце, што гэта наш мастак, і слова „Беларусь“ будзе чытацца абсалютна інакш», — кажа Ігар Малевіч.
Пра тутэйшасьць Казіміра Малевіча сьведчаць і спэцыфічныя адметнасьці роднага краю, адлюстраваныя ў мастацкіх творах рознага часу. У ліку такіх рысаў — выявы бел-чырвона-белага сьцяга і колеравае спалучэньне белага і чырвонага. У кнізе «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу» Ігар Малевіч спасылаецца на ўспаміны віцебскіх вучняў майстра: «Віцебск абклейвалі копіямі карцін і фатаздымкаў выставаў, на якіх заўсёды „Чорны квадрат“ і бел-чырвона-белы штандар у цэнтры экспазыцыі».
За спадчыну Казіміра Малевіча спрачаецца цэлы шэраг дзяржаў, дасьледчыкі сьмела прылічаюць яго да расейцаў, украінцаў, палякаў. І толькі Беларусь, дзе Казімір зьявіўся на сьвет і абесьсьмяроціў сябе першымі «супрэмусамі», «архітэктонамі» ды філязофскімі развагамі, дэманструе сваю памяркоўнасьць.