32-гадовы мянчук, гандляр прадуктамі харчаваньня Яраслаў Ульяненкаў застаецца падазраваным у пашкоджаньні маёмасьці за беларускамоўныя графіці і банэры. У інтэрвію карэспандэнту Свабоды ён сказаў, што ня мае дачыненьня да графіці і банэраў. Яраслаў распавёў, што адбылося ў ягоным доме 11 жніўня.
«Я прыехаў дадому і літаральна праз 20 хвілін, калі я ўжо быў у ваньне, пачалі ламацца ў дзьверы і крычаць:"Адчыніце, міліцыя!" Я быў у шоку. Не пасьпеў нават нікога са сваякоў папярэдзіць, як дзьверы зламалі. Мяне выцягнулі з ванны, надзелі кайданкі, кінулі на падлогу. Усё гэта суправаджалася зьбіцьцём.
Мяне ў кайданах цягалі, білі па твары, па рэбрах, па нагах. Потым гэтыя «маскі-шоў» зь пісталетамі паднялі мяне. Я пасьпеў заўважыць, што яны былі ў масках і з пісталетамі, бо мне потым увесь час казалі, каб я стаяў ілбом у сьцяну і не глядзеў у іх бок. Яны пэрыядычна білі мяне па нагах. То бок, адбілі ногі, рэбры, вока.
А потым яны сышлі і зайшлі, відаць, апэратыўнікі. І пачаўся ператрус. Толькі цяпер зьявіліся панятыя, мае суседзі. Але суседзі ўвесь час знаходзіліся ў пакоі, дзе я стаяў закаваны ў кайданы, а супрацоўнікі міліцыі хадзілі па ўсёй кватэры. Потым мне далі падпісаць пратакол аб ператрусе. Яны забралі пяць пар абутку, лічбавыя носьбіты (ноўтбук, сыстэмны блёк, працэсар, флэшку маёй дзяўчыны), а таксама фарбы. Фарбы мае, я іншы раз займаюся дызайнам. А потым мяне завезьлі на Скрыпнікава, 7. Зьбілі, а цяпер прывезьлі са мной размаўляць.
Адзін з супрацоўнікаў пачаў на мяне псыхалягічна ціснуць, выкарыстоўваў лаянку, пагражаў. Потым згадаў яшчэ, што мая жонка цяжарная. Мяне схілялі, каб я даў пэўныя паказаньні. У мяне ўзялі падпіску пра нявыезд, сказалі быць на сувязі. А на другі дзень яны са мной езьдзілі на кватэру маіх бацькоў у Менску, дзе таксама зрабілі ператрус. Але ўсё было ня так ужо жорстка. Перарылі нават бабулін пакой. Але ўжо так не раскідвалі рэчы, як у маёй кватэры. Потым яшчэ спрабавалі выпытаць пра мае погляды і погляды іншых хлопцаў, іх стаўленьне да ўлады. Сёньня я быў на другім допыце ўжо ў прысутнасьці адваката. Цяпер я хачу, каб як мага больш людзей бачылі, што адбываецца ў нас у краіне перад выбарамі, што людзей затрымліваюць ні за што».
Яраслаў сказаў, што тыя графіці, пра якія кажуць міліцыянты, бачыў толькі ў сеціве і нават ня ведае, дзе яны зробленыя.
«Тут чалавек пяць міліцыянтаў займаецца гэтымі графіці. Калі разглядаць, што графіці гэта дрэнна, то трэба адсочваць, затрымліваць вялікую колькасьць людзей, якія нешта недзе пішуць. Таму гэта проста дзікунства».
У Менску праваахоўныя органы пачалі крымінальную справу за беларускамоўныя графіці і за расфарбоўку сацыяльнага бігборда. Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага, Яраслава Ульяненкава, яшчэ аднаго хлопца, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, а таксама грамадзяніна Расеі Паўла вінавацяць у наўмысных дзеяньнях, якія суправаджаліся пашкоджаньнем чужой маёмасьці. Пачата крымінальная справа за групавое хуліганства.