На афіцыйным сайце Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ вядзецца прыём заявак ад ахвотных стаць доўгатэрміновымі назіральнікамі за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
На конкурс выстаўленыя 64 вакансіі, пачынаючы ад асыстэнта кіраўніка місіі і заканчваючы кіроўцам назіральніка. Апошні дзень прыёму дакумэнтаў — 24 жніўня.
Такім чынам, жаданьне новага кіраўніка БДІПЧ Міхаэля Георга Лінка накіраваць назіральнікаў на беларускія выбары «ў вялікай колькасьці» будзе выкананае. А менавіта гэты выраз скарыстаў спадар Лінк, калі ў сярэдзіне чэрвеня наведваў Менск:
«Мы думаем, што такая група павінна быць у вялікім складзе. Давайце трошкі пачакаем. Але хачу сказаць, што ва ўсёй міжнароднай супольнасьці вельмі вялікая цікавасьць да гэтых выбараў».
Удзельнік прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году Віталь Рымашэўскі адмоўна ставіцца да такога рашэньня БДІПЧ:
«Прыезд місіі ў такім жа самым фармаце, як гэта было ў 2010 годзе, насамрэч дрэнны сыгнал для беларускай грамадзянскай супольнасьці. Перадусім таму, што дагэтуль у Беларусі ня вызваленыя палітвязьні. Адзін зь іх — Мікола Статкевіч — кандыдат ад дэмакратычных сілаў на выбарах 2010 году. Тыя выбары ні АБСЭ, ні дэмакратычныя краіны сьвету не прызналі. Наадварот, яны засьведчылі, што падчас выбараў былі шматлікія парушэньні, што адразу пасьля іх пачаліся масавыя рэпрэсіі. Таму, на мой погляд, візыт місіі назіральнікаў у такім жа самым фармаце дэ-факта канстатуе, што нават на праблему палітвязьняў сёньня гатовыя глядзець калі ня скрозь пальцы, то зацягваючы яе вырашэньне, і весьці перамовы зь беларускімі ўладамі, нягледзячы ні на што.
Я думаю, можна было б абмежавацца кароткатэрміновай місіяй. Цяпер людзі могуць без праблем зьбіраць подпісы на вуліцах. Але ж усе ведаюць, што самыя вялікія праблемы ў нас пачынаюцца ў дзень галасаваньня, калі закрываюцца выбарчыя ўчасткі. Таму зьмяншэньне фармату місіі АБСЭ ў Беларусі было б станоўчым сыгналам для дэмакратычнай апазыцыі. І адначасова магло б паслужыць сыгналам уладам — пакуль ня будзе дэмакратычных выбараў, да той пары ня будзе нармальных кантактаў з Захадам».
Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека лічыцца найбольш кваліфікаванай, прызнанай і аўтарытэтнай у Эўропе арганізацыяй, якая сочыць за правядзеньнем выбарчых кампаніяў. Нядаўна яе ачоліў Міхаэль Георг Лінк. За яго плячыма — дэпутацтва ў Бундэстагу, праца намесьнікам міністра замежных спраў Нямеччыны ў папярэднім урадзе канцлера Мэркель. На гэтай пасадзе спадар Лінк курыраваў эўрапейскую інтэграцыю.
Дарэчы, 33 доўгатэрміновыя міжнародныя назіральнікі ўжо акрэдытаваныя пры Цэнтральнай выбарчай камісіі. Усе яны прадстаўляюць краіны, што ўваходзяць у склад СНД. Асобна будзе працаваць і місія назіральнікаў СНД. Жаданьне паўдзельнічаць у маніторынгу беларускіх выбараў выказала яшчэ адна міжнародная арганізацыя — ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва).
Калі б міжнародныя назіральнікі зьявіліся ў Беларусі крыху раней, яны маглі б паназіраць, да прыкладу, за працай менскай гарадзкой выбарчай камісіі. Сталічная камісія 12 жніўня разглядала скаргі на парушэньне выбарчага заканадаўства з боку ініцыятыўных групаў Аляксандра Лукашэнкі і Анатоля Лябедзькі.
З акцыянэрнага таварыства «Амкадор» і Інстытуту стандартызацыі і сэртыфікацыі прыйшлі заявы пра тое, што супрацоўнікаў прымушаюць падпісвацца за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Намесьнікі дырэктараў гэтых арганізацыяў — спадары Міхееў і Пагодзін — факты прымусу не пацьвердзілі. Але пікантнасьць сытуацыі ў тым, што абодва намесьнікі кіраўнікоў самі ўваходзяць у ініцыятыўную групу Лукашэнкі. Фактычна на скаргу адказвалі сябры той самай ініцыятыўнай групы, на якую скардзіліся, кажа Свабодзе сябра гарадзкой выбарчай камісіі ад партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч:
«Я шмат размаўляў зь людзьмі, якія зьбіраюць подпісы за Лукашэнку ў Менску. Абсалютна зразумела, што гэта людзі, пасланыя зь дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў. За гэта ім выплачваюць дзённы заробак плюс бонусам даюць адгул. Відавочна, адміністрацыйны рэсурс тут выкарыстоўваецца. Іншая справа, што, каб у гэтым усе пераканаліся, патрэбны нармальныя доказы. Іх пакуль няма. Але сам факт, што кіраўніцтва арганізацыяў уваходзіць у групы, дае падставу думаць, што яны могуць прымусіць сваіх падначаленых паставіць подпісы. Я думаю, што так і было. Але нам не хапіла доказаў».
На каманду Анатоля Лябедзькі паступілі скаргі, што яе сябры раздаюць агітацыйныя матэрыялы, а Выбарчы кодэкс забараняе гэта рабіць да афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатам. Кіраўнік ініцыятыўнай групы лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Карняенка прыйшоў на пасяджэньне:
«Яны хацелі мне патлумачыць, што ў нашай краіне праводзяцца выбары прэзыдэнта. А я з гэтым ня згодны. І тлумачыў ім, што ў нас ёсьць толькі выбарчая кампанія, а ня выбары. Таму мы і не зьбіраемся выконваць тыя ўстаноўкі, якія робяць выбарчыя камісіі. Распаўсюджвалі, распаўсюджваем і будзем распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы пра пазыцыю Аб’яднанай грамадзянскай партыі, пра сутнасьць яе ідэй. Я казаў, што нормы, якія забараняюць падчас збору подпісаў распаўсюджваць інфармацыйную прадукцыю, недарэчныя. І іх трэба як мага хутчэй адмяніць».