Расія ўключыла Альбанію, Чарнагорыю, Ліхтэнштэйн, Ісьляндыю і Украіну (на асаблівых умовах) у сьпіс дзяржаваў, на якія распаўсюджваецца харчовае эмбарга. Паведамленьне пра гэта зьявілася сёньня на сайце расейскага ўраду.
Прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў растлумачыў, аб якіх умовах ідзе гаворка ў выпадку з Украінай. «Што тычыцца Ўкраіны, забарона на ўвоз сельгаспрадукцыі ўступіць у сілу толькі ў выпадку ўжываньня ўрадам гэтай краіны эканамічнай часткі пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, якое Кіеў заключыў у чэрвені мінулага году», — цытуе яго «Інтэрфакс».
Плянуецца, што эканамічная частка пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўразьвязам пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2016 году.
У канцы ліпеня да санкцыяў ЭЗ адносна Расеі далучыліся Нарвэгія, Ліхтэнштэйн, Альбанія, Чарнагорыя, Ісьляндыя і Ўкраіна. Грузія працягнула абмежавальныя меры толькі ў дачыненьні да Крыму і Севастопаля.
Пасьля гэтага 4 жніўня Мядзьведзеў заявіў, што санкцыі Расеі могуць быць пашыраныя на гэтыя дзяржавы. Мінсельгас ў той жа дзень пачаў прапрацоўваць праект абмежавальных мераў.
Расея ўвяла забарону на пастаўкі мяса, рыбы, малочнай прадукцыі, гародніны і садавіны з краінаў Эўразьвязу, з Канады, Аўстраліі, ЗША і Нарвэгіі ў жніўні мінулага году. Праз год пасьля ўвядзеньня санкцыяў прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін падпісаў указ аб зьнішчэньні прадуктаў, забароненых да ўвозу, калі мытнікі знаходзяць іх на мяжы.