Як паведамляе прэсавая служба ўкраінскага кіраўніка, Пятро Парашэнка адзначыў, што «ўкраінска-беларускія адносіны перажываюць добрыя часы, і мы цэнім дасягнуты ўзровень узаемадзеяньня паміж нашымі краінамі».
Парашэнка падзякаваў Беларусі за падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а таксама за прадастаўленьне перамоўнай пляцоўкі для правядзеньня пасяджэньняў Трохбаковай кантактнай групы і яе падгрупаў, накіраваных на дасягненьне дээскаляцыі сытуацыі на Данбасе.
«Кіраўнік украінскай дзяржавы адзначыў няўхільнае выкананьне Ўкраінай Менскіх дамоўленасьцяў і паведаміў, што за апошнія дні істотна ўзрасла колькасьць абстрэлаў баевікамі пазыцыяў украінскіх вайскоўцаў. Пятро Парашэнка зьвярнуў увагу на беспрэцэдэнтную атаку баевікоў на Старогнатаўку 10 жніўня з выкарыстаньнем цяжкага ўзбраеньня, танкаў, БТРаў, а таксама пастаянныя спробы тэрарыстаў перашкодзіць працы назіральнікаў місіі АБСЭ, запалохаць яе супрацоўнікаў, каб яны не маглі выконваць свае функцыі ў раёнах, якія кантралююцца незаконнымі ўзброенымі групоўкамі. Абуральным пацьвярджэньнем таму зьяўляецца падпал чатырох аўтамабіляў СММ АБСЭ ў Данецку»,— цытуе Пятра Парашэнку ягоная прэсавая служба.
Кіраўнік МЗС Беларусі «выказаў занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі на Данбасе і парушэньнем Менскіх дамоўленасьцяў. Ён падкрэсьліў, што беларускі бок гатовы і ў далейшым надаваць неабходнае садзейнічаньне для пошуку шляхоў мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі і запэўніў, што зь беларускага боку ня будзе ніякай пагрозы для Ўкраіны:
«Украіна — наш добры сусед, зь якім мы маем вялікую працягласьць мяжы. Паверце, мы хочам, каб гэта была мяжа міру і згоды, а не мяжа разладу і нянавісьці», — адзначыў беларускі дыплямат.
Парашэнка і Макей выказалі зацікаўленасьць абедзьвюх дзяржаў у далейшым разьвіцьці супрацоўніцтва ў энэргетычнай, аграпрамысловай, машынабудаўнічай і авіяцыйнай галінах. Асобная ўвага была нададзеная далейшаму паглыбленьню супрацоўніцтва ў транспартна-лягістычнай сфэры. Кіраўнік МЗС Беларусі паведаміў пра зацікаўленасьць беларускага боку ў павелічэньні выкарыстаньня марскіх партоў Украіны. Адбыўся таксама абмен думкамі пра пэрспэктывы разьвіцьця ўзаемадзеяньня Ўкраіны і Беларусі ў кантэксьце супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам і ўдзелу дзьвюх краінаў у рэгіянальных інтэграцыйных працэсах, у прыватнасьці — у ініцыятыве «Усходняе партнэрства».
Сёньня Макей працягне свой візыт ва Ўкраіну, чакаецца ягоная паездка ў Адэсу.