Плянаваная на пачатак году, потым на вясну прэм’ера фільма з фрагмэнтамі падзеяў на Плошчы, можа адбыцца ў канцы верасьня.
Гаворка пра фільм «Мы, браты», які здымаўся пад працоўнай назвай «Авель». Сцэнар, які выйграў конкурс нацыянальных кінапраектаў, паказвае, як заяўляюць стваральнікі, гісторыю двух братоў, «кожны зь якіх павінен зрабіць свой маральны выбар». Падставу для гэтага дадуць розныя падзеі, у тым ліку і Плошча 2010-га году ў Менску. Фільм атрымаў бюджэт 2 мільёны даляраў і разьлічаны таксама на паказ па-за межамі Беларусі. Вытворца — кінакампанія Nonstop Media зрабіла стаўку на востры сюжэт, гонкі, агонь і твары замежных актораў.
Крытыка праекту пачалася ад моманту яго нараджэньня — яго расцанілі як палітычную замову і адказ на зьняты ў Польшчы фільм «Жыве Беларусь!» Не засталося ў сакрэце, што падчас здымкаў падзей на Плошчы група статыстаў замест «Жыве Беларусь!» была вымушаная крычаць «Что-то не так!»
Дату прэм’еры называе драматург Андрэй Курэйчык, які піша ў сваім Фэйсбуку: «Брыдкая палітычная агітка «Мы браты», яна ж «Код Каіна», яна ж «Авель» выйдзе ў беларускіх кінатэатрах 24 верасьня, як і плянавалася, акурат на выбары АГЛ, каб паказаць, як шкодныя Плошчы і «каляровыя рэвалюцыі».
Раней Белта паведамляла, што фільм пакажуць сёлета ў красавіку.