Прапагандыстаў Пуціна чакае міжнародны трыбунал, — расейскі журналіст

Ігар Якавенка

«Адказнасьць Эрнста, Дабрадзеева, Кулісьцікава, Мамантава, Салаўёва, Кісялёва і гэтак далей, безумоўна, носіць крымінальны характар», — заявіў расейскі журналіст Ігар Якавенка.

Якавенка браў удзел у перадачы Ўладзімера Кара-Мурзы-старэйшага пра тое, як і навошта ствараюць прапаганду на расейскім тэлебачаньні.

«Я думаю, што ўсё больш і больш людзей разумеюць, што ўсё ж такі пуцінскі „Тытанік“ набліжаецца да свайго „айсбэргу“. І тыя, хто добра ведае гісторыю, разумеюць, што была гісторыя Юліуса Штрэйхера, былі іншыя гісторыі. І міжнародны трыбунал пачынае ўжо праясьняць завяршэньне гэтай гісторыі. Людзі разумеюць, што адказваць давядзецца, і тое, што яны робяць, — гэта злачынства. Прычым злачынства ня толькі паводле расейскіх, але і паводле міжнародных законаў. Вядомыя вынікі міжнароднага трыбуналу па Руандзе, калі ў выніку прапаганды было забіта пад мільён чалавек. Ну, у каго ёсьць мазгі, — пачынаюць задумвацца», — сказаў Ігар Якавенка.

«Топ-мэнэджмэнт — гэта злачынцы, якіх проста трэба судзіць. І гэты суд, безумоўна, будзе. Гэта арганізатары велічэзнага міжнароднага злачынства. Прынцыповае адрозьненьне таго, што адбываецца цяпер у Расеі, ад таго, што адбывалася ў Савецкім Саюзе, заключаецца ў тым, што „інфармацыйныя войскі“ ў сёньняшняй Расеі — гэта вядучы род войскаў. І яны зьяўляюцца асноўным рухавіком. То бок, людзі едуць цяпер забіваць і паміраць на Данбас не таму, што іх нехта туды пасылае, як было ў свой час у Савецкім Саюзе, а таму што яны паглядзелі тэлевізар. Гэта значыць менавіта тэлебачаньне сёньня зьяўляецца вядучым прывадам фашызацыі краіны, таго, што ў краіне сфармаваўся аўтарытарны рэжым фашысцкага тыпу. Таму адказнасьць гэтых людзей, пра якіх мы сёння гаворым, — Эрнста, Дабрадзеева, Кулісьцікава, Мамантава, Салаўёва, Кісялёва і гэтак далей — безумоўна, носіць крымінальны характар. Таму што гэта наўпрост некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Расеі і міжнародных нормаў. То бок, гэта крымінальная адказнасьць», — дадаў Ігар Якавенка.