На Данбасе загінуў адзін са стваральнікаў беларускага атраду «Правага сэктару»

Беларускія добраахвотнікі, якія бяруць удзел у вайне ва Ўкраіне (архіўнае фота)

У баі на Данбасе загінуў баец «Правага сэктару», які каардынаваў працу з добраахвотнікамі зь Беларусі. Таксама цяжка паранены адзін беларускі баец «Правага сэктару».

Баец з Запарожжа Віталь Ціліжэнка быў забіты ў ноч з 9 на 10 жніўня пад Белай Камянкай — як пішуць ягоныя сябры, адбіваючы са сваімі байцамі з «Правага сэктару» танкавую атаку.

Апошнім часам Ціліжэнка жыў у Кіеве і адказваў за кантакты з добраахвотнікамі зь Беларусі. Менавіта ён зьяўляўся адным зь ініцыятараў стварэньня беларускага атраду «Правага сэктару». Пахаваны ён будзе ў Запарожжы.

Ціліжэнка стаў першай пацьверджанай стратай сярод байцоў зь беларускага атраду «Правага сэктару».

Выданьне «Салідарнасьць» са спасылкай на валянтэра Андрэя Стрыжака паведамляе, што адзін баец зь беларускага атраду цяжка паранены і яго адвезьлі ў шпіталь на апэрацыю. Імя і характар раненьня беларуса не паведамляюцца.

Вядома, што на Данбасе ў шэрагах украінскіх добраахвотніцкіх падразьдзяленьняў ваююць былыя палітычныя зьняволеныя зь Беларусі Эдуард Лобаў і Васіль Парфянкоў.