Пра гэта паведамляе кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў чарговым штотыднёвым аглядзе назіраньня.
«Як і падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў, збор подпісаў за вылучэньне ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты дзейнага кіраўніка дзяржавы суправаджаецца выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу: збор подпісаў ажыцьцяўляецца на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах у працоўны час, часта пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемстваў», — адзначаецца ў аглядзе.
Пры гэтым праваабаронцы канстатуюць, што большасьць паведамленьняў грамадзян аб прымусе падчас збору подпісаў за вылучэньне ў якасьці кандыдата Лукашэнкі носяць ананімны характар.
«Скаргаў у органы пракуратуры альбо іншыя дзяржаўныя органы аб падобных парушэньнях з боку грамадзян зафіксавана не было, што сьведчыць пра высокі ўзровень страху ў грамадзтве і нізкі ўзровень даверу грамадзян дзяржаўным органам, закліканым абараняць іх законныя правы і інтарэсы. Роля „выканаўчай вэртыкалі ўлады“, адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў пры правядзеньні выбараў, як і раней, застаецца вельмі высокай», — адзначаюць праваабаронцы.
У сваім аглядзе назіральнікі таксама зьвяртаюць увагу на тое, што дзяржаўныя, асабліва мясцовыя, СМІ «асьвятляюць кампанію аднабока, як правіла, нічога не паведамляюць пра дзейнасьць ініцыятыўных груп па вылучэньні альтэрнатыўных дзейнаму кіраўніку дзяржавы кандыдатаў».