«Бажынкі»-2015: Капай глыбей

Карпаратыўны спартыўна-культурніцкі фэст, які праводзіць ГА «БАЖ», праходзіў пад дэвізам «Капай глыбей».

Такі дэвіз невыпадковы: ён не толькі перагукаецца з назовам райцэнтру, у якім журналісты знаёміліся з мясцовымі адметнасьцямі. Пасьля майстар-класу ад трэнераў з моладзевай арганізацыі «Фаланстэр», журналістам было прапанавана самастойна пісаць артыкулы для «Вікіпэдыі», абапіраючыся на веды, набытыя падчас экскурсій або ад глыбоцкіх куратараў-краязнаўцаў.

Экскурсію праводзіць глыбоцкі краязнаўца Юрый Кілбасіч

Перад пачаткам працы

Інструктаж па "Вікіпэдыі"

Каб праца не падавалася сумнай, для ўдзельнікаў арганізавалі творча спаборніцтва, падзяліўшы іх на некалькі камандаў. У чальцоў кожнай каманды быў бранзалет адмысловага колеру, а старшыні-камандзіры атрымалі біноклі — каб «сачыць» за працай.

Тацяна Смоткіна раздае заданьні для каманд

Чаго бракуе ў "Вікіпэдыі"

Пасьля таго, як «Вікіпедыя» папоўнілася артыкуламі ад «бажаўцаў», усіх чакала возера. А потым вячэра і канцэрт на сядзібе «Родны кут», дзе гаспадарыць Юлія Бука. Сядзіба спадарыні Юліі — гэта некалькі хат, дзе госьці могуць напоўніцу адчуць калярыт вясковага побыту. Хто хацеў — скарыстаўся гэтым, іншыя маглі разьмясьціцца ў намётах ці нават правесьці ноч пад зорным небам, наслухаўшыся сьпеваў Зьмітра Вайцюшкевіча і наскакаўшыся пад скрыпку і дуду лепельскіх музыкаў.

Супольная вячэра

Сьпявае Зьміцер Вайцюшкевіч

Зранку фэст працягнуўся спартовымі спаборніцтвамі. Каманды спрачаліся за першае месца, гуляючы ў дартс і валейбол, дэлегаваўшы па адным удзельніку да бліжэйшай сажалкі — на рыбалку.

Перад стартам

Рыбалка - таксама спорт

Валейбол

Потым каманды прэзэнтавалі іншым свае назовы, дэвізы і дасягненьні — хто ў гумарыстычнай, а хто і ў сур’ёзнай форме. Пасьля падвядзеньня вынікаў усе пагадзіліся, што перамога — гэта далёка не самае важнае ў жыцьці, калі пячэ сонца, а паблізу ёсьць возера, гатовае прыняць у свае хвалі ўсе стомленыя гарачынёй і спаборніцтвамі целы...

Конкурс каманд

У падарунак кожнаму ўдзельніку – глыбоцкую згушчанку

Пра сёлетнія «Бажынкі-2015» — пару жнівеньскіх дзён, праведзеных на глыбоцкай зямлі, — будуць згадваць больш за 40 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі.