Згодна з мапай сайту meteoinfo.by, 8 жніўня паветра ў Менску прагрэлася да 35,8 градусаў цяпла. Рэкорд для 8 жніўня ў Менску (31,9 градуса) быў усталяваны ў 1963 годзе. Сталіца апынулася ў суботу самым гарачым месцам у краіне.
Зноў пабітыя рэкорды дня ў Берасьці — 35,5 (было 34,9 у 1963) і Горадні — 35,3 (33,5 у тым жа годзе).
Новыя максымумы ў Менску і Гродне фіксаваліся трэці дзень запар, у Берасьці — другі. Ва ўсходніх абласьцях па-ранейшаму крыху халадней, і да рэкордаў анамальна гарачага жніўня 2010 там далёка. Да прыкладу, у Гомелі, было 34,1, а рэкорд дня складае 38,9, што зьяўляецца таксама абсалютным максымумам на тэрыторыі ўсёй краіны.
У бліжэйшыя суткі сьпякотнае надвор’е захаваецца. 9 жніўня ў Менску, як і напярэдадні, чакаецца 33-35 градусаў. Мэтэаролягі чакаюць, што будзе пабіты рэкорд дня 86-гадовай даўніны (30,2).