«Прашу перанесьці сьвята выбараў на сьвята Дзяды, а Радуніцу перайменаваць у Бабы!»

Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.

Шаноўны дарагі і адзіны наш кіраўнік!

Ні ў кога не выклікае сумневу, каго выбера наш народ. Здаецца, толькі ў хворых галовах членаў так званага «незалежнага этнаграфічнага задзіночаньня» могуць нарадзіцца ідэі, што нехта іншы, а не Вы, станеце кіраўніком нашай дзяржавы. Дазвольце павіншаваць Вас датэрмінова з гэтай нагоды ды зрабіць каштоўную прапанову датычна ўсіх будучых выбараў.

Мушу прызнаць, у апошні час мяне як грамадзянку турбуе працэнт падтрымкі Вашай кандыдатуры сярод нашага народа. Мінулым разам было ўсяго 80%, сёлета, дзякуй Перуну, можа, будзе 90, На наступных выбарах, з Ярылавай дапамогай, скочыць да 100. Але што далей? Як належным чынам адлюстраваць уплыў Вашага аўтарытэту, які расьце штогод і ганарліва ўзносіцца за ўсе штучныя абмежаваньні? Круці не круці — сотка гэта крыўдная мяжа.

На шчасьце рашэньне праблемы ёсьць. Імя яму — пасьлятэрміновае галасаваньне.

Як кіраўніца Дзяржаўнага Этнаграфічнага Таварыства і як спэцыяліст па народных звычаях прапаную Вам заручыцца падтрымкай таксама тых нашых грамадзянаў, чый тэрмін скончыўся, якія па тых ці гэтых прычынах пакінулі наш моцны і квітнеючы сьвет, спусьціўшыся ў царства цяней. Адным словам, прашу Вас дазволіць галасаваць нябожчыкам.

Дзеля гэтага прапаную Вам перанесьці выбары на сьвята Дзяды. Выдаткаваць сакральны візыт продкаў не на чарговую вакханалію сярод магіл, а на адказнае дзяржаўнае мерапрыемства трансцыдэнтнага характару.

Няхай некіраванасьць мёртвых душ Вас не турбуе. Сьвяточныя рытуалы — найбагацейшы рэзэрв для вядзеньня агітацыйнай працы сярод нябожчыкаў. Гэта і падвышаная даступнасьць выбарчых участкаў (яны будуць фактычна ў кожным беларускім доме), і традыцыйнае ўсхваленьне дзядоў (падчас выбарчай кампаніі трэба ўвесьці прынцып «пра нябожчыкаў або добра, або яшчэ лепей», а нежаданьне хваліць прыраўнаць да байкоту і забараніць).

Можна таксама мадэрнізаваць звычай выпіваньня трох чарак і пакіданьня чацьвёртай дзядам. Скажам, у часы крызысаў абавязаць жывых выпіваць усе чатыры чаркі, а рэшту пакідаць на радасьць памерлым. У часы выбараў тым больш трэба захаваць прапорцыю 4:0 на карысьць надземнай часткі электарату.

Маю надзею, усе гэтыя захады дазволяць падвысіць працэнт падтрымкі сярод насельніцтва да 160, 200, а можа, нават і да 300 адсоткаў.

У народнай міталёгіі гарманічна спляліся розныя традыцыі, таму да нашых перадвыбарчых патрэбаў можна цягаць каго захочам. Скажам, лорда Цемры зь яго цягай да піратэхнікі прызначыць адказным за арганізацыю сьвяточнай ілюмінацыі на могілках. Ключніка Пятра зрабіць адказным за адкрыцьцё выбарчых урнаў і адсейваньне грэшных бюлетэняў. Так званага Харона абавязаць дастаўляць мёртвыя душы не туды, а сюды.

Разам з тым належыць пазьбягаць дзікіх перакосаў. Варта памятаць, што падзяленьне на праведнікаў і грэшнікаў у некаторых рэлігіях парушае нашу канстытуцыю, у прыватнасьці яе прынцып усеагульнага равенства перад ЦВК, якая лічыць галасы як правільна, а не як праведна.

Пры канцы ліста яшчэ пару словаў пра равенства і падвышэньне эфэктыўнасьці галасаваньня ўжо сярод гэтак званых жывых людзей. Як Вы мудра падмецілі ў свой час, ваш выбарнік — гэта жанчына. У дадатак Вы любіце ўсё пераймяноўваць. Прапанова напрошваецца сама сабой. У якасьці міжполавага балянса і падтрымкі ўсіх слаёў насельніцтва веснавое сьвята памінаньня продкаў, Радуніцу, прапаную назваць Бабы.

З пашанотай,
Ваша Бабадзедава