КНДР прыкладна праз тыдзень, 15 жніўня, пяройдзе на новы стандарт часу.
Стрэлкі гадзіньнікаў па ўсёй краіне будуць пераведзеныя на 30 хвілін назад. Такім чынам у КНДР маюць намер адзначыць 70-ю гадавіну вызваленьня Карэі ад японскай акупацыі, паведаміла ў пятніцу Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва КНДР (ЦТАК). «Шалёныя японскія імпэрыялісты падчас акупацыі пазбавілі Карэю нават яе стандартнага часу», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні дзяржаўнага агенцтва.
Увесь Карэйскі паўвостраў, які некалі займала адна краіна, да пачатку японскай калянізацыі ў 1910 годзе жыў па часе, які апярэджваў сярэдні час па Грынвічы на восем з паловай гадзін. Цяпер КНДР хоча гэта вярнуць.
Міністэрства па справах аб’яднаньня Паўднёвай Карэі ўжо заявіла, што рашэньне Пхеньяну можа выклікаць некаторыя складанасьці ў працы прамысловага комплексу Кэсон, які кіруецца сумесна дзьвюма Карэямі.
Практыка пераводу стрэлак гадзіньнікаў па палітычных прычынах існуе даўно. У прыватнасьці, ранейшы лідэр Вэнэсуэлы Уга Чавес, прыйшоўшы да ўлады, распарадзіўся перавесьці стрэлкі ў краіне на паўгадзіны наперад, каб мясцовы час ніколі не супадаў з вашынгтонскім.