Серж Мінскевіч, нарадзіўся 12 лютага 1969, вырас на плошчы Перамогі, акурат пад тэлевежай. Скончыў філфак БДУ, беларускае аддзяленьне. Працаваў апэратарам ЭВМ, рабочым архэалягічнага атраду, літаратурным рэдактарам у тэатры аднаго актора «Зьніч», карэспандэнтам газэты «Культура», рэдактарам аддзела часопіса «Першацьвет», цяпер — старшы навуковы супрацоўнік у Цэнтры дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Аўтар кніг «Праз галеРэю» (паэзія, 1995), «Менскія санэты/Мінскія санэты» (2002), «Прыгоды Какоса Маракоса» (вершаваная казка, 2006), «Я з БУМ-БАМ-ЛІТа» (вершы, проза, крытычныя артыкулы, успаміны пра літаратурныя і мастацкія рухі канца ХХ — пач. ХХІ стагодзьдзя, 2008), «Сад замкнёных гор» (фантастычны раман, фантастычная аповесьць і апавяданьні, 2011), «Чароўная крыніца, ці як навучыць дракона чысьціць зубы» (празаічная казка, 2012), «Усьмешка Жалобнай каралевы, альбо таямніца Магнітнага замка» (фэнтэзі, аповесьць легендарных часоў, 2013). Пераклаў паэму «Дзяды», «Крымскія санэты», лірыку А. Міцкевіча, асобныя творы У. Шэксьпіра, П.Б Шэлі, Ю. Славацкага, Г. Лангфэла, Ф. Прэшэрна, Я. Івашкевіча, К.І. Галчынскага, З. Гербэрта, П. Гуле, Д. Маслоўскай. Кандыдат філялягічных навук. Навуковая дзейнасьць — кампаратывістыка, беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі, перакладазнаўства. Хобі — аўтарская песьня.
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для тых, хто ведае мову (любую). Мой ідэальны чытач — я сам, бо заўважаю, дзе мог бы нешта дадаць ці зьмяніць, паглыбіць, пашырыць, скараціць, вырваць.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Паэзія, радкі паэтычных перакладаў і песьні прыходзяць у дарозе. У тралейбусах, мэтро, электрычках, у паходах, падарожжах. Проза і п’есы пішуцца ў замкнёным пакоі, на ложку з ноўтбукам на каленях, каб ніхто не перашкаджаў. Навуковыя артыкулы і празаічныя пераклады — у бібліятэках і дома за працоўным сталом пры стацыянарным кампутары.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Аўтарам «Гамлета», каб у эпілёгу дадаць, што Гамлет праз шмат гадоў хваробы ачуняў і стаў філёзафам і навукоўцам :).
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
У дзяцінстве лічыў сябе падобным да Тома Соера. Цяпер усё больш і больш раблюся падобным да Жака Паганэля.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Уільям Шэксьпір, Адам Міцкевіч, Ганс Хрысьціян Андэрсэн, Марк Твэн, Жуль Вэрн, О’Генры, Янка Маўр, Ільля Ільф, Яўген Пятроў, Хармс, Джон Рональд Толкін, Астрыд Ліндгрэн, Рэй Брэдбэры, Умбэрта Эка, бумбамлітаўцы.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Зборнік казак братоў Грым у перакладзе Альгерда Бахарэвіча.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
На ўкраінскай, польскай, ангельскай (лепей з кампутарам).
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
Для дзяцей — «Вялікія прыгоды Какоса Маракоса»; для дзяцей і дарослых дзяцей — «Усьмешка жалобнай каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка»; для дарослых — «Сад замкнёных гор».
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Зборнік казак і зборнік фантастычных п’есаў.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Калі пішу фантастычны твор.