Дызайнэры распрацавалі калекцыю нацыянальнай школьнай формы — зь лёну і з вышыўкай

Пакуль бацькі абураюцца, што ў крамах няма школьнага адзеньня з натуральных тканінаў, дзьве мамы ўзялі справу ў свае рукі і шыюць нацыянальную школьную форму — зь лёну і з вышыўкай.

«Мы называемся Elen Carott. Гэта маё імя — Алена Маркоўка, толькі па-француску», — усьмешлівая басаногая Алена распавядае нам пра сваю фірму ў невялікай кравецкай майстэрні на вуліцы Палявой у Менску. Фірме ўсяго год, і працуюць тут дзьве мамы-мадэльеркі — Алена Маркоўка і Натальля Кажушкова.

Вышываная блюзка і спадніца для дзяўчынкі, вышываная кашуля і штаны для хлопца — усё зь лёну, воўны ці паўвоўны і аздобленае аўтарскай вышыўкай. Elen Carott прынцыпова працуе з натуральнымі матэрыяламі і толькі беларускай вытворчасьці. Першымі такую школьную форму выпрабавалі дзеці мадэльерак — Аленін сын Мікіта і Натальліна дачка Вера.

Алена Маркоўка


«Лён у школьнай форме — гэта найлепшае выйсьце, — распавядае Алена. — Няма статыкі, а гэта важна, бо дзеці рухаюцца. Лён нівэлюе нэгатыўнасьць самога сучаснага асяродзьдзя, пранізанага ўсёй гэтай „хіміяй“. Лён утрымлівае такія элемэнты, якія аказваюць сэдатыўны эфэкт, і нават праз скуру ўзьдзейнічае на чалавека», — перакананая яна.

На штодзень школьнікам лепш набыць адзеньне зь нябеленага лёну, — раяць спадарыні.

«Мае дзеці ўжо год прахадзілі, і як мама скажу — лепей ня трэба, — Алена тлумачыць, як даглядаць ільняную дзіцячую адзежу. — Памылі ў мыльным сродку, павесілі на плечыкі, вада сьцякла — дык можна нават не прасаваць».

На побытавыя перасьцярогі, што лён хутка мнецца, у Алены ёсьць парада:

«Зь вечара адзеньне павесілі на плечыкі і папырскалі з пульвэрызатара цёплай вадой — яно на раніцу такое самае сьвежае. Лён з вадою выключна добра супрацоўнічае. І ніякай хіміі!» — кажа яна.

Вырабы Elen Carott аздобленыя машыннай вышыўкай. Алена кажа, што іхнія ўзоры — гэта па-аўтарску перапрацаваныя «цытаты» з аўтэнтычных арнамэнтаў. Узнавіць арнамэнт цалкам будзе для пакупніка задорага, а такі варыянт — тэхналягічны і даступны па грошах.

«Вышытыя пляначкі як гальштучак, — распавядае мадэльерка. — Дзіця і выглядае па-дзелавому, і мы пазбаўляем малога залішніх элемэнтаў адзеньня. Ня трэба ўжо гальштук ані завязваць, ані папраўляць. Бо дзіцяці і на фізкультуру схадзі, і пабегай. У мяне сын у трэцім клясе, дык калі ён дахаты вяртаецца, у яго гальштук недзе на плячы матляецца», — сьмяецца яна.

Для дзяўчынкі блюзка-вышыванка і спадніца абыдзецца ў 800 тысяч беларускіх рублёў. Кашуля і паўваўняныя штаны для хлопца — 900 тысяч.

Натальля Кажушкова


Свой стыль спадарыні назвалі этна-дзелавым і зьбіраюцца актыўна яго прапагандаваць. Праўда, на дзелавым адзеньні спыняцца не плянуюць — будуць рабіць, напрыклад, і этна-спартыўнае.

«Мы ўжо не сялянская нацыя, а наш традыцыйны строй адаптаваны пад тое, як людзі рухаюцца на вёсцы. Мы ўжо жывем у горадзе, рухаемся па-іншаму, думаем па-іншаму, таму і касьцюм павінен жыць са сваім народам. Традыцыі — гэта не льняная кашуля з вышытымі крыжыкамі, а гэта мэнталітэт, — кажа Алена. — А дзе яшчэ вучыцца быць беларусам, як ня ў школе?»

Адміністрацыя школаў, дзе вучацца дзеці мадэльерак, на вышыванкі заўвагаў не рабіла. Алена Маркоўка кажа, што рэкамэндацыям Міністэрства адукацыі іхная форма цалкам адпавядае.


Сваю калекцыю Алена і Натальля дэманстравалі ўсяго двойчы. І абодва разы яна да іх проста не вярталася — маленькія мадэлі адмаўляліся здымаць свае строі.

«Мы былі зьдзіўленыя, бо думалі, што дзеці скажуць: „Ой, фу, вышыванкі“, — а тут такое!» — з гонарам распавядаюць спадарыні. А дачка Натальлі Вера ўжо замовіла сабе пад новы школьны год урачыстую блюзку зь белага лёну і зь белай вышыўкай.

Цяпер Алена і Натальля зрабілі буклет са сваімі прапановамі і рассылаюць яго па школах.

Пра тое, што іхнае адзеньне натхнёнае сапраўднымі прыкладамі, у майстэрні сьведчыць манэкен са стогадовай вышыванкай.

«Гэта вышыванка дзеда майго мужа, — кажа Алена, абдымаючы манэкен. — Вы бачыце, яна ношаная, але за столькі гадоў і тканіна не знасілася, і колеры ня выцьвілі. Усё гэта сапраўднае, усё наша».


Замовіць школьную форму і іншае адзеньне зь лёну ад Elen Carott можна на сайце http://elen-carot.by/.