«Калі пераносіць крыжы ў Курапатах, то толькі з боем»

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі незалежных СМІ, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода Валерыя Каліноўскага, сказаў, што за дваццаць гадоў свайго прэзыдэнцтва ніводнага разу не наведаў Курапаты, бо гэтае месца «занадта палітызавалі».

Пры гэтым ён адзначыў, што амаль штодня праяжджае міма Курапатаў і занепакоены тым, што крыжы ўсталяваныя побач з дарогай: «Думаю, усё ж такі трэба іх крыху аднесьці, таму што прыбраць, напэўна, будзе няправільна. Хоць, відавочна, гэта палітычная нейкая дэманстрацыя».

Кіраўнік краіны таксама паабяцаў наведаць Курапаты, калі разьбярэцца, што там адбывалася насамрэч: «Я хачу ўсё-ткі там сам пабываць, узяць інфармацыю дэпалітызаваную. Я ўжо даручыў, каб мне далі. Мне якая розьніца? Мне, прэзыдэнту, які не вінаваты ні ў чым: ні ў сталінізьме, ні ў фашызьме, ні ў чым... Разабрацца, хто каго там расстрэльваў — наколькі гэта магчыма. Я гэта зраблю, дапамогуць гэта зрабіць аб’ектыўна. І я хачу там пабываць. Пара паставіць там кропку».

Адна з актывістак ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька мяркуе, што выказваньні кіраўніка краіны сьведчаць пра новую пагрозу Курапатам:

Ганна Шапуцька

«Усё ён ведае пра Курапаты, і ведае ўсю гісторыю гэтага месца. Я мяркую, што гэтыя выказваньні — чарговы зьдзек з Курапатаў. Гэта тое самае, што пабудова гэтага забаўляльнага цэнтру пад назвай „Бульбаш-хол“ — інакш патлумачыць нельга. І тое, што чалавек ні разу ня быў у Курапатах, не цікавіўся, у якім стане яны знаходзяцца, пры гэтым заяўляе, што трэба крыжы крыху аднесьці... Я лічу, што ён увогуле ня мае ніякага права нешта казаць пра Курапаты, не абмеркаваўшы гэта з грамадзтвам, калі гэтае грамадзтва яшчэ захоча зь ім штосьці абмяркоўваць. Бо цягам дваццаці гадоў у яго была магчымасьць зрабіць годны помнік тым людзям, якіх закатавалі НКУСаўцы — гэтыя сталінскія каты. А замест гэтага мы бачым на парадзе перамогі міністра ўнутраных спраў у форме НКУСаўца. Гэткім чынам ён спрабуе падняць вышэй плянку гэтых катаў, якія забівалі нашых суайчыньнікаў, якія катавалі мільёны людзей. І тое, што Лукашэнка зараз сказаў пра Курапаты, то сапраўды магчымая вялікая пагроза адносна Курапатаў. Гэта тычыцца перамоў з польскімі ўрадоўцамі пра эксгумацыю. Магчыма, што ён і дасьць дазвол, але галоўнай мэтай будзе ня пошук праўды, а наадварот. Таму мы хацелі б зьвярнуцца і зьвяртаемся да прадстаўнікоў польскіх уладаў — адмовіцца ад перамоваў з уладай Беларусі пра эксгумацыю ў Курапатах».

Адзін з актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі мае рэпрэсаваных у сваёй сям’і. Кажа, што гатовы асабіста стаць на абарону Курапатаў:

«Адносна Курапатаў даказваць няма ўжо чаго — усё даказана. Прычым гэта зроблена дзяржаўнымі камісіямі яшчэ ў часы БССР і пазьней. Пры ім самім загады былі аддадзеныя пра раскопы. Усё там даказана і вядома, хто і што там рабіў і хто там ляжыць. Нічога тут не зьмянілася: што загадаюць з Масквы, тое ён і зробіць. Загадаюць яму крыжы прыбраць у сярэдзіну — прыбярэ, якія праблемы? Прыгоніць АМАП з бульдозэрамі, як у 2001 годзе — якія праблемы? Але народны мэмарыял створаны, людзі як маглі яго ўпарадкаваць, так упарадкавалі. Я сам асабіста гэтым займаюся пятнаццаць гадоў і буду займацца і надалей».

Карэспандэнтка: «Ці будуць зараз сілы абараняць Курапаты, як гэта было ў 2001 годзе?»

«Адразу скажу, што пратэст будзе. Бо чаму крыжы стаяць пры дарозе? Дарэчы, напачатку яны былі чырвоныя. Гэта сымбалі душаў закатаваных людзей, якія падняліся над Курапатамі. І калі людзі едуць па дарозе і ўздоўж стаяць крыжы, то ўсім зразумела, што гэта могілкі. Ужо ніхто не спыняецца, каб у гэтым лесе справіць свае патрэбы, а раней гэта было масава. Таму гэтыя крыжы і стаяць, і нагадваюць, што тут здарылася вялікая трагедыя ўсёй нашай нацыі, нашага беларускага народу. Калі пераносіць гэтыя крыжы, то толькі з боем. Там маё сэрца, я сам асабіста стану насьмерць — няхай забіваюць».

Актывіст ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Вінцук Вячорка мяркуе, што зьнішчыць праўду пра Курапаты ня ўдасца ўжо нікому:

Вінцук Вячорка

«Добра, што яму было зададзенае пытаньне пра Курапаты. Ну, а далей пачынаецца традыцыйная праблема: словы — адно, а справы — зусім іншае. Я ня веру, што чалавек, які называе сябе гісторыкам і кажа, што мае адпаведную гістарычную адукацыю, ня ведае, што такое Курапаты. Ня хто іншы, як ён, аддаваў загад пра пашырэньне кальцавой дарогі праз тэрыторыю Курапатаў. І зразумела, што калі ўся ідэалягічная схема грунтавалася на культываваньні савецкасьці, на культываваньні сталінаў-дзяржынскіх, то яму безумоўна муляе прысутнасьць, фактычна ўжо ў межах гораду, відочнага напаміну пра той сталінска-дзяржынскі, сталінска-НКУСаўскі рэжым.

Спадзяюся, што адразу нейкіх захадаў тут ня будзе, і вось чаму: уладзе цяпер важна мець добрыя стасункі з заходнімі суседзямі, у прыватнасьці, з Польшчай. А палякі выяўляюць вельмі вялікі інтарэс да Курапатаў, бо лічаць, што там можна знайсьці сьляды ахвяраў з так званага пятага катынскага сьпісу. І пакуль будуць ісьці перамовы, то я ўсё ж ня думаю, што будуць рабіцца нейкія радыкальныя крокі ў пляне зьнішчэньня Курапатаў як помніка. Хоць пляны такія цалкам могуць быць. І вельмі важнае сьведчаньне рэальнага стаўленьня ўлады да Курапатаў — няўхільнае зьмяншэньне ахоўных зонаў насуперак законам і падзаконным актам. І будаўніцтва аб’ектаў кшталту „Бульбаш-холу“ альбо плянаванага выставачнага комплексу з усходняга боку Курапатаў».

Карэспандэнтка: «На вашу думку, ці будуць ізноў пастаўленыя пад сумнеў вынікі папярэдніх дасьледаваньняў адносна пахаваньняў у Курапатах, ці ізноў не паўстане сытуацыя, калі будзе патрэба нешта сьцьвярджаць і даказваць?»

«Мы добра памятаем, як расейска-камуністычныя колы спрабавалі паддаць рэвізіі раскопкі, якія рабілі навукоўцы АН напрыканцы 80-х гадоў. Яны спрабавалі ўкараніць у грамадзтве думку, што ў Курапатах ляжаць ахвяры фашыстоўскіх расстрэлаў. Ахвяры фашыстоўскіх расстрэлаў ляжаць каля Менску ў іншых месцах, і гэтыя месцы вядомыя. А ў Курапатах ляжаць ахвяры бальшавіцкіх расстрэлаў, што было пацьверджана паўторнымі раскопкамі і паўторнымі сьледзтвамі. І я ня думаю, што рэальна тут знайсьці спосаб перагледзець ужо некалькі разоў дасьледаваныя рэчы і аспрэчыць факты ў выглядзе знойдзеных савецкіх гільзаў у чарапах няшчасных ахвяраў».

____________________________________________________

Курапаты — лясны масіў на паўночным усходзе Менску, дзе ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя масава расстрэльвалі людзей. Дзяржаўныя камісіі праводзілі тут эксгумацыі ў 1988 і 1997 гадах. Вядома, што органы НКУС расстрэльвалі тут працоўных, сялян, навукоўцаў, пісьменьнікаў і паэтаў. Паводле ацэнак навукоўцаў, у 510 ямінах пахаваныя каля 250 тысяч чалавек. Курапаты — гісторыка-культурная каштоўнасьць першай катэгорыі, што азначае міжнародны статус. Згодна з пастановай ураду Беларусі ад 1989 году тут маюць усталяваць мэмарыял у памяць бязьвінна закатаваных. Дзяржаўны мэмарыял дагэтуль не паўстаў, але створаны народны мэмарыял крыжоў. Грамадзкасьць клапоціцца пра ўпарадкаваньне Курапатаў і бароніць іх ад наступу бізнэсу і дзяржавы.