Курс даляра дасягнуў чарговага гістарычнага максымуму

Нацыянальны банк Беларусі ўсталяваў курсы валют на 7 жніўня: даляр вырас на 142 пункты і дасягнуў узроўню 15 707 рублёў.

Курс даляра ўжо тры дні запар б’е рэкорды: у аўторак даляр дасягнуў узроўню 15 497 рублёў, у сераду — 15 565, сёньня — 15 707. Да 4 жніўня гістарычным максымумам лічыўся ўзровень 15 488 рублёў за даляр. Гэты ўзровень быў дасягнуты 9 чэрвеня.

Таксама сёньня вырас курс эўра — з 16 929 да 17 119 рублёў.

Падзеньне беларускага рубля супала з падзеньнем расейскага. Сёньня па выніках таргоў на Маскоўскай біржы курс даляра ўпершыню з 24 лютага пераваліў за 64 расейскія рублі, а курс эўра наблізіўся да 70.

Зь сьнежня 2014 году па люты 2015 году беларускі рубель быў дэвальваваны больш як на 40%: курс на 19 сьнежня складаў 10 890 рублёў за даляр ЗША, а на 3 лютага — 15 450. Потым на працягу сакавіка-траўня назіралася ўзмацненьне нацыянальнай валюты, і даляр зьнізіўся да 14 040. З 19 траўня да 9 чэрвеня даляр зноў вырас — на 1 448 рублёў, але ў другой палове чэрвеня — ліпені курс рубля стабілізаваўся.