4 жніўня ўпершыню за многія гады Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію журналістам некалькіх незалежных мэдыяў, у тым ліку Радыё Свабода. Пра што гэта сьведчыць, адказвалі жыхары Магілёва.
— Яму трэба было прадэманстраваць, што ён не такі кепскі, як яго СМІ іншым разам паказваюць. Хоча зблізіцца з астатнім сьветам. У нас доўгі час былі асноўнымі партнэрамі Расея і краіны былога Саюзу. А цяпер урэшце да яго дайшло, што ня толькі Саюзам адзіным жывём — трэба з усімі сябраваць.
— Выбары, перадвыбарчая кампанія. Казалі ж, што ён сабраўся ў ААН на нейкае пасяджэньне, значыць, трэба сябе прарэклямаваць.
— Пакрысе пачынае прамалёўвацца, што тая эканамічная мадэль, па якой разьвіваецца Беларусь, мае патрэбу ў дапрацоўцы. У больш рынкавай арыентацыі і лібэралізацыі. А пагатоў цяпер яшчэ і прэзыдэнцкія выбары. У нас жа народ успрымае прэзыдэнта асабова, а не інстытуцыянальна.
— Гэта наладжваньне дачыненьняў з Амэрыкай. Яшчэ такі ход, якім кажа, што трэба наладзіць стасункі з апазыцыяй, зь непрыяцелямі.
Your browser doesn’t support HTML5
— Гэта добрыя, відаць, зрухі. Хоча памяняць сваю палітыку, меркаваньні, напрамкі свае дзейнасьці. Дыялёг з рознымі незалежнымі структурамі — гэта добра. Хоць, можа, гэта і папулізм.
— Ён пачаў, відаць, крыху думаць. Дужа спадзяюся, што ён пачне разварочваць краіну да пераменаў, да мадэрнізацыі. Ён увесь час спрабуе рамантаваць стары «масквіч», але на старым «масквічы» далёка не паедзеш. Трэба неяк ужо выкруціцца і ўзяць новую машыну.
— Выбары ж на носе. Хочацца быць бліжэй да народу. Бачыце, нават з Амэрыкай пачаў заігрываць. Мо сапраўды Аляксандар Рыгоравіч стаў такім ужо дыпляматам. Адзінае, каб толькі дачыненьні Расеі і Беларусі не парушыліся.
— Гэта стандартны працэс, які мы назіралі і ў мінулыя прэзыдэнцкія кампаніі. Гучныя заявы, абяцаньні. Паглядзець на Захад, на Ўсход — і ўсім спадабацца.
— Што наша краіна была, ёсьць і будзе апірышчам стабільнасьці. У нас тут ня будзе ніякіх катаклізмаў. Ён жа гэта і сказаў: я зрабіў такую прынадную дзяржаву, і пакуль жывы, не дапушчу ніякага хаосу.
— Выбары на носе. Хочацца сябе неяк прыхарошыць, што, маўляў, я буду паварочвацца тварам да ўсіх. Гэта піяр у асноўным. Мо і Ўсход хочацца пацьвяліць.