Школьніка затрымалі за бел-чырвона-белы сьцяг: «Я сам — мэдаліст, гонар школы, а тут такое...»

У ліпені Радыё Свабода пісала пра маладога чалавека, у якога пры аглядзе рэчаў знайшлі бел-чырвона-белыя сьцягі. Той распавёў супрацоўнікам АМАПу, што набыў прадукцыю ў краме symbal.by. Пасьля гэтага ў офіс крамы, што займаецца продажам нацыянальных сьцягоў, з праверкаю скіравалі ўчастковага.

Гісторыя атрымала працяг. На зварот у сацыяльных сетках адгукнуўся герой гісторыі, які на ўмовах ананімнасьці распавёў падрабязнасьці здарэньня:

— Усё адбылося 3 ліпеня на фэстывалі «Greenfest». На КПП пры праверцы рэчаў мяне затрымаў супрацоўнік АМАПу проста з-за таго, што ў заплечніку была сымболіка. Я не мянчук, а ў гэты дзень быў у Менску, вырашыў заехаць у краму ды набыць сабе і сябру на Дзень нараджэньня сцягі. Я нават не зьбіраўся іх даставаць. У выніку АМАПавец напісаў рапарт па артыкуле 17.1 за дробнае хуліганства. Затым мяне з маім знаёмым завезьлі ў мясцовае РУУС. Там канфіскавалі два вялікія сьцягі, настольны сьцяжок і налепку, з гэтага мне нічога не вярнулі.

Фэстываль Greenfest, фота rockby.net



Хлопец распавёў, што ў школу прыйшла папера «для далейшага разгляду адміністрацыяй школы», што быў затрыманы і былі канфіскаваныя гэтыя рэчы.

«Шчыра кажучы, вельмі баюся інфармацыі ў інтэрнэце ды і бацькі прасілі не афішаваць. Я сам — мэдаліст, гонар школы, а тут такое. Я ўжо і забыў пра ўсё. Толькі грошай шкада, агулам 400 тысяч згубіў».

Аляксандар Ластоўскі

Пасьля гэтага ў краму symbal.by, якая спэцыялізуецца на продажы тавараў зь беларускай сымболікай, прыйшоў супрацоўнік праваахоўных органаў з праверкай, яго цікавілі бел-чырвона-белыя сьцягі. Але, як распавёў у размове з Радыё Свабода прэс-сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі, нічога забароненага ў краме не было выяўлена і матэрыялы праверкі закрытыя:

«Участковыя сапраўды праверылі краму на прадмет, ці ўся прадаваная прадукцыя і сымболіка адпавядае заяўленай на сайце. Наколькі я ведаю, ніякіх захадаў прынята не было».

Што да самога выпадку затрыманьня за сьцягі, Ластоўскі заявіў, што даваць ацэнку дзеяньням супрацоўнікам міліцыі ня можа.

Раней у інтэрвію TUT.by Ластоўскі заявіў, што «бел-чырвона-белы сьцяг не занесены ў сьпіс забароненай сымболікі Рэспублікі Беларусь», але ў размове з Радыё Свабода свае словы не пацьвердзіў.

Павел Белавус

Стваральнік крамы symbal.by Павел Белавус абяцае вярнуць хлопцу сканфіскаваныя рэчы:

«Зразумела, што мы падорым хлопцу вынятыя рэчы. Але гэтая гісторыя — яскравы факт, калі галава гаворыць адно, а рукі і ногі робяць іншае.

Ня першы раз кіраўніцтва міліцыі піша адказы і кажа, што бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» не забароненыя, а значыць не забароненыя іх выкарыстаньне, а тым больш захоўваньне. А звычайныя АМАПаўцы лезуць у торбы і насуперак словам кіраўніцтва канфіскуюць іх».

Віталь Супрановіч

Арганізатар беларускіх канцэртаў Віталь Супрановіч назваў нефармальную забарону сьцяга дзікасьцю:

«Дзіка, што бел-чырвоны-белы сьцяг для некаторых прадстаўнікоў улады лічыцца незарэгістраванай сымболікай. Сьцяг, які быў дзяржаўны, пад якім прымаў прысягу першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, сьцяг які мае вялікую гісторыю. Я лічу, што сьцягу мае быць нададзены статус культурнай каштоўнасьці. Магчыма, гэта больш важнае пытаньне за многія іншыя, якія задаюць журналісты на сустрэчах з прэзыдэнтам краіны».

Паводле Супрановіча, вырашэньне пытаньня са статусам сьцяга, спрыяла б згодзе і паразуменьню ў грамадзтве:

«Аргумэнт, што гэты сьцяг нехта недзе выкарыстоўваў, я не прымаю, бо калі злодзей носіць штаны, гэта ж ня значыць, што мы павінны адмовіцца ад штаноў і хадзіць у майтках».

Неўзабаве Арт Сядзіба мае намер узнавіць кампанію па папулярызацыі нацыянальных сымбаляў Беларусі. Як лічыць Павал Белавус, неабходна атрымаць ясныя сьведчаньні, што бел-чырвона-белы сьцяг не зьяўляецца забароненым:

«Першае, што мы зробім: накіруем у МУС, Міністэрства юстыцыі і Акадэмію навук афіцыйныя запыты з пытаньнямі аб праўным статусе бел-чырвона-белага сьцяга і законнасьці яго публічнага выкарыстаньня ў Беларусі».

Летась Свабода паведамляла пра выпадак, калі пасажыры адмовіліся расплаціцца ў менскай таксоўцы з тае прычыны, што, маўляў, «у салёне быў бел-чырвона-белы сьцяг». Таксоўшчык адвёз пару ў РАЎС Фрунзэнскага раёну. У міліцыі ім патлумачылі, што закону, які б забараняў нацыянальную сымболіку, у Беларусі няма, і прымусілі заплаціць за праезд.

Афіцыйнае паведамленьне пра тое, што бел-чырвона-белы сьцяг не занесены ў сьпіс забароненай сымболікі, атрымліваў зь міліцыі і гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі.