За вылучэньне Лукашэнкі ўжо сабралі паўмільёна подпісаў, астатнія яшчэ не набралі ста тысяч

За вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты ўжо сабрана больш за 500 тысяч подпісаў.

Пра гэта БелТА паведаміў кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.

Ён паведаміў, што падпісныя лісты ўжо здадзеныя ў тэрытарыяльныя выбаркамы. Аднак ініцыятыўная група працягне працу, каб «усе грамадзяне маглі рэалізаваць канстытуцыйнае права на вылучэньне свайго кандыдата».

Ініцыятыўная група Сяргея Гайдукевіча на 30 ліпеня сабрала 55 тысяч подпісаў. Паводле кіраўніка групы Алега Гайдукевіча, да 15 жніўня плянуецца здаць 120 тысяч.

За вылучэньне Віктара Цярэшчанкі па стане на 4 жніўня сабрана больш за 52 тысячы подпісаў. Аднак, паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы Алега Несьцеркава, пакуль не падлічаныя галасы, сабраныя ў рэгіёнах.

У падтрымку лідэра Беларускай патрыятычнай партыі Мікалая Ўлаховіча сабрана каля 47 тысяч подпісаў. Яго ініцыятыўная група заяўляе, што пік подпісаў будзе пасьля 10 жніўня, калі людзі актыўна пачнуць вяртацца з адпачынкаў.

За вылучэньне Тацяны Караткевіч ужо сабрана каля 43 тысяч подпісаў. Аднак падпісныя лісты ў тэрытарыяльныя выбаркамы ініцыятыўная група пакуль не здавала, кажа яе кіраўнік Андрэй Дзьмітрыеў.

За лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку сабралі каля 30 тысяч подпісаў. Аднак тут пакуль ня ўлічаныя подпісы, сабраныя пры пакватэрным абыходзе.

Таксама 30 тысяч подпісаў сабрала ініцыятыўная група кіраўніка Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна. Старшыня групы Валеры Ўлаховіч сказаў, што подпісы пакуль не плянуюць здаваць у ЦВК.

Прэтэндэнтка на прэзыдэнцтва Жанна Раманоўская не агучвае колькасьць сабраных подпісаў. Кажа, што зьбіраць подпісы ёй цяжка, бо яна не такая вядомая, як іншыя кандыдаты.

ЦВК зарэгістравала 8 ініцыятыўных групаў. Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты працягнецца да 21 жніўня.