Выбарчы імідж Лукашэнкі — «вечна малады прэзыдэнт, які будзе кіраваць пажыцьцёва»

Аляксандар Лукашэнка

Якія самыя прыкметныя прынцыповыя заявы можна вызначыць у сёньняшнім інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі? Зь якім вобразам кіраўнік дзяржавы ідзе на прэзыдэнцкія выбары? Ці вызначылася тая стратэгічная праграма, якую прадставіць электарату Аляксандар Лукашэнка, ці ён ідзе на выбары выключна з тактычным рэагаваньнем на нейкія падзеі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў і палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: Тое, што кіраўнік Беларусі падчас прэзыдэнцкай кампаніі вырашыў даць інтэрвію незалежным СМІ, — безумоўна, пэўны паказьнік. Выглядае, што Аляксандар Лукашэнка пажадаў данесьці да выбаршчыкаў нейкі мэсыдж. Па-вашаму, якія самыя галоўныя матывы былі ў гэтым інтэрвію?

Чавусаў: Мне падаецца, што тут быў самым галоўным сам факт інтэрвію незалежным СМІ. Тое, што, акрамя Эўрарадыё і Свабоды, быў

Лукашэнку цяпер важна размаўляць ня толькі са сваімі прыхільнікамі, але і з аўдыторыяй, якая скептычна да яго ставіцца

запрошаны і Tut.by, партал зь вялікай аўдыторыяй, сьведчыць, што Лукашэнку цяпер важна размаўляць ня толькі са сваімі прыхільнікамі, але і з аўдыторыяй, якая скептычна да яго ставіцца. Гэта сьведчыць, што, нягледзячы на ўсю кантраляваную прыроду беларускіх выбараў, Лукашэнку важна размаўляць і з тымі, хто не належыць да ягоных прыхільнікаў.

Вядома, зьвяртае ўвагу і мэсыдж наконт беларускай мовы — маўляў, Лукашэнка ня вораг беларускай мовы. 60 працэнтаў называюць беларускую мову роднай — а калі б мы заціскалі, то было б значна менш. Гэткае пасланьне незалежнаму грамадзтву — маўляў, глядзіце, можа быць і горш. Туды ж і досыць скептычныя выказваньні пра «русский мир» і пра гатоўнасьць абараняць Беларусь. Гэтыя выказваньні Лукашэнкі відавочна карэлююць з тымі слоганамі, якія напісаныя на плякатах зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку. Падобна да таго, што афіцыйныя ідэолягі бачаць, што значная частка незалежнага грамадзтва расчараваная ў апазыцыі, апынулася ў сытуацыі нявызначанасьці — і спадзяюцца, што магчыма захапіць і гэтую частку электарату.

Булгакаў: Я не зусім пагаджуся з вамі. Вы абодва кажаце, што асноўная адрасная група пасланьня — гэта беларускі электарат. На мой погляд, гэтую сустрэчу, як і іншыя сустрэчы гэтага тыдня, варта разумець шырэй, у глябальным кантэксьце. Лукашэнка знаходзіцца ў сытуацыі, калі ён упэўнены ў сваёй перамозе, і нават ягоныя заклятыя супраціўнікі

Нават ягоныя заклятыя супраціўнікі ведаюць, што 11 кастрычніка на выбарах будзе абвешчаны пераможцам Лукашэнка

ведаюць, што 11 кастрычніка на выбарах будзе абвешчаны пераможцам Лукашэнка.

Зь іншага боку, у Беларусі нарастаюць эканамічныя праблемы. Невыпадкова на гэтым тыдні Лукашэнка даслаў яўны сыгнал амэрыканскім палітычным элітам, што Менск цяпер надзвычай зацікаўлены ў аднаўленьні прыязных стасункаў. Таму, у маім разуменьні, гэта стратэгічны манэўр. Лукашэнку трэба выпрастаць другое крыло. У сытуацыі, калі Расея пагружаецца ў непрадказальны крызіс, без заходніх рэсурсаў у кароткачасовай пэрспэктыве выжываньне беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі немагчымае. Таму я б не пераацэньваў сыгналы ўнутранай публіцы.

Цыганкоў: Аднак «сыгналы» ў бок Захаду за гэтыя 20 гадоў бывалі ня раз. Магчыма, якраз вы іх пераацэньваеце, бо кожны раз яны заканчваліся чарговым адкатам у бок Расеі?

Булгакаў: Лукашэнку Захад патрэбны роўна настолькі, каб Расея працягвала фінансаваць рэжым. Зь іншага боку, Лукашэнку цяпер проста патрэбныя грошы, мільярды даляраў. І ён цудоўна разумее, што бяз пэўнай палітычнай падаплёкі выдзяленьне гэтых рэсурсаў з Захаду немагчымае.

Цыганкоў: Увогуле, з чым Лукашэнка ідзе ў гэтую кампанію? Які вобраз ён прадстаўляе беларусам, калі ён яго щжо сфармаваў? Ці адрозьніваецца гэты вобраз ад ранейшага?

Чавусаў: Я думаю, пакуль зарана казаць, які вобраз Лукашэнка будзе прадстаўляць выбарнікам. Адказ на гэта мы пабачым у верасьні, калі пачнецца агітацыя. На сёньня на вуліцах гарадоў можна сустрэць розных прыхільнікаў Лукашэнкі — камуністы зьбіраюць подпісы за яго пад чырвонымі сьцягамі, прадстаўнікі «Белай Русі» — пад незалежніцкімі лёзунгамі.

Апошні раз нейкая сур’ёзная, прадуманая перадвыбарчая праграма Лукашэнкам распрацоўвалася толькі ў 2001 годзе. Пасьля гэтага ўсе праграмныя палажэньні былі на ўзроўні лёзунгаў, праграму замянялі

Лукашэнка шукае той вобраз, які дазволіць яму сапраўды спадабацца большасьці насельніцтва Беларусі

рашэньні Ўсебеларускага сходу — дарэчы, пакуль не чуваць, ці будзе такі сход сёлета. Цяпер яны толькі намацваюць той імідж, які будзе прадстаўлены электарату.

Мне падаецца, што гэтае інтэрвію — прыкмета таго, што, нягледзячы на кантраляваны характар выбараў, Лукашэнка шукае той вобраз, які дазволіць яму сапраўды спадабацца большасьці насельніцтва Беларусі. Штосьці большае, апроч традыцыйнай «стабільнасьці», якой, дарэчы, цяпер вельмі нестае.

Цыганкоў: Але ж не абавязкова, што Лукашэнка прыйдзе на выбары зь нейкім стратэгічным бачаньнем сытуацыі (куды весьці Беларусь). Цалкам магчыма, што ён пойдзе ў кампанію выключна з тактычным рэагаваньнем на нейкія падзеі, што нейкай стратэгіі на гэты раз у Лукашэнкі няма?

Чавусаў: Гэта два розныя варыянты, і пакуль рана казаць, які будзе абраны. Праграма-мінімум — гэта тое, пра што вы казалі: тактычныя рэагаваньні, дзяжурныя лёзунгі. Альбо праграма-максымум, і гэтае інтэрвію — сьведчаньне таго, што пошукі такой праграмы вядуцца. З мэтай дамагчыся большай папулярнасьці Лукашэнкі ў тых колах, якія традыцыйна не зьяўляюцца ягонымі прыхільнікамі. Ці знойдзе гэтая лінія свой працяг — будзе відаць тады, калі пачнецца афіцыйная агітацыйная кампанія.

Булгакаў: Я скептычна стаўлюся да рыторыкі, якая нічога за сабой ня мае, наконт беларусізацыі і пэрспэктываў падтрымкі беларускай культуры. Гэта досыць цынічная маніпуляцыя, за якой не стаіць нічога. Я моцна сумняюся, што Лукашэнка гаворыць са сваім сынам па-беларуску. Я ўвогуле сумняюся, ці ён умее гаварыць правільна па-беларуску — прынамсі, мне за 20 гадоў не даводзілася чуць, каб ён працягла гаварыў па-беларуску без паперкі.

Што тычыцца таго, зь якім іміджам ідзе Лукашэнка на выбары, то першая

Зь якім іміджам ідзе Лукашэнка на выбары, то першая рэч — гэта вечна малады прэзыдэнт, які будзе правіць пажыцьцёва

рэч — гэта вечна малады прэзыдэнт, які будзе правіць пажыцьцёва. І фігура Колі, якая прысутнічала на прэс-канфэрэнцыі, прысутнічае ўвесь час — паказвае, што прэзыдэнт малады, у яго малыя дзеці, і ўсё жыцьцё наперадзе.

Што да фармальнай зьмены парадку дня, то, сапраўды, лёзунг, які назіраецца ў зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку, досыць новы — «За будучыню незалежнай Беларусі». Гэта чарговы крок па засваеньні беларускай палітычнай суб’ектнасьці. Але тут крыецца вялікі падвох і пастка для тых, хто спадзяецца, што ў гэтай незалежнай будучай Беларусі ўзору Лукашэнкі будзе прастора для росквіту беларускай культуры. Бо ў цяперашняй Беларусі рэалізуецца такая мадэль дзяржавы, якая робіць стаўку на сацыяльную падтрымку насельніцтва, а не разьвіцьцё беларускай нацыі. І гэтая мадэль можа доўжыцца дзесяцігодзьдзямі.