Толькі праз 37 год пасьля таго, як прагучалі першыя абяцаньні зьнесьці менскі Сельгаспасёлак, сюды прыйшлі забудоўшчыкі. Частку раёну ўжо расьсялілі па горадзе, а астатнія мясцовыя жыхары рыхтуюцца да абароны сваіх участкаў. Свабода наведала раён перад чарговай сустрэчай жыхароў з уладамі.
Права ўласнасьці? Не, ня чулі
Сельгаспасёлак — гэта некалькі дзясяткаў гектараў прыватнага сэктару ў межах вуліц Бяды, Някрасава, Халтурына і Олешава. Частку пасёлку ўздоўж вуліц Бяды, Някрасава й Багдановіча ўжо забудавалі шматпавярховікамі. Аднак за лініяй гмахаў — самая сапраўдная вёска: вузкія вуліцы часта бяз ходнікаў, старыя драўляныя дамы чаргуюцца з катэджамі, двары засаджаныя яблынямі ды вішнямі.
Доўгі час жыхароў Сельгаспасёлку ніхто не турбаваў. Але з 2000-х гадоў пад два даўгія 14-павярховыя дамы забралі левы бок вуліцы Тургенева. Як кажуць жыхары прыватных дамоў, што апынуліся ў цені гмахаў, цяпер яны маюць дастаткова досьведу, каб супрацьстаяць забудоўшчыкам.
«Хай паспрабуюць мяне зьнесьці, — кажа Ўладзімер, якога Свабода сустрэла каля ягонага дому. — Пяць год судовых паседжаньняў я ім гарантую».
Уладзімер тлумачыць, што ён пагодзіцца на ўмовы забудоўшчыка, калі тыя будуць адпавядаць закону. Але ня лічыць законным сам факт забудовы свайго раёну.
«Кажуць, што гэта такі генплян, дзяржаўныя патрэбы, — кажа Ўладзімер. — Але якія могуць быць дзяржаўныя патрэбы, калі гэта не дзяржаўная зямля?! Хай на дзяржаўнай робяць што хочуць. Але ж права ўласнасьці ў нас ніяк не шануецца».
Будучы забудоўшчык — кампанія «Гарызонтпраектбуд». На сваім сайце яны ўжо анансавалі забудову Сельгаспасёлку. Новы раён хочуць назваць «Камароўскае кола» (дарэчы, раён з такой самай назвай ужо існуе ў Менску). Кампанія нават абяцала пачаць забудову ў другім квартале 2015 году, чаго так і не адбылося.
Гараж — 800 даляраў, парковачнае месца — 20 тысяч даляраў
Падчас гутаркі да Ўладзімера далучаецца ягоны сусед па вуліцы Іван. Той жыве ў доме, які пасьля вайны збудаваў яшчэ ягоны дзед. У гэтым доме нарадзіўся ён сам. Мяняць участак на кватэру Іван не зьбіраецца.
«Тут быў лес і балота. І мае дзяды пасьля працы прыходзілі сюды на будову. Бабуля не магла мясіць рукамі, бо была стомленая, — мясіла раствор нагамі».
Па словах Івана, пытаньне кампэнсацыі — самае вострае. Яго, маўляў, палохалі, што вернуць грошы, якія ён сплаціў за прыватызацыю яшчэ ў 1990-х.
«Я свой дом прыватызаваў, калі й «Макдональдс» пабудавалі на плошчы Бангалор. Хай яны паспрабуюць на гэткіх жа ўмовах выселіць «Макдональдс».
Як лічаць мясцовыя, кошты кампэнсацыі — несувымерныя з сапраўднымі. Мэтар жыльля, па іх словах, ацэньваюць у 500 даляраў, за гараж — 800 даляраў, за дрэвы — 600 тысяч.
«Наш сады можна параўнаць зь любым паркам, а іх ацэньваюць у капейкі, — кажа Іван. — Вось парк Горкага — гэта горад, а тут — ужо ня горад».
Уладзімер кажа, што пагодзіцца пераехаць, калі яму ўлады дадуць такі самы ўчастак з такім самым домам.
«Я хоць у пінскія балоты паеду, калі там будзе вада, газ, тэлефон і дарога нармальная, — кажа ён. — Каб я, вось як тут, мог легчы на гамак і глядзець тэлевізар. А то мне кажуць — вось грошы, будуйся ў іншым месцы».
Іван робіць хуткі разьлік. Свае шэсьць сотак ён раскідвае на колькасьць кватэр, якія могуць быць пабудаваныя на гэтым месцы.
«Вось у мяне 600 квадратных мэтраў зямлі. Які цяпер мэтраж кватэраў? Ну хай 100 мэтраў. Хай з улікам камунікацыяў на гэты месцы будзе чатыры ці нават тры кватэры. Але ж гэта будзе 14 паверхаў, а можа й 24. Колькі ж яны заробяць толькі з майго ўчастку?»
Ехаць пад МКАД — гэта не размова
Раён выглядае як вёска не таму, што тут жывуць бедныя людзі, а таму, што з 1978 году, калі Сельгаспасёлак пачалі «высяляць», тут забаронена разбудоўвацца. Дазвол — толькі на «давядзеньне да тыпавых спажывецкіх якасьцяў», што значыць — зрабіць прыбіральню і топачную.
«А які сэнс укладаць у жыльлё, калі невядома, што будзе заўтра?» — кажа 33-гадовы Юры, якога Свабода сустрэла каля ягонага гаража.
Як і большасьць жыхароў Сельгаспасёлку, Юры тут нарадзіўся. Некалькі ягоных сяброў падпалі пад ранейшыя зносы, калі будаваліся шматпавярховікі на вуліцы Бяды. Але з таго часу зь імі ён вельмі рэдка бачыцца: сябры атрымалі кватэры ў Серабранцы.
«Я б хацеў і надалей тут жыць. Кватэра каля МКАДу — гэта не размова. Не параўнаць гэта з жыцьцём тут».
Праз тое, што дом стаіць у чаканьні зносу, Юры так і ня змог аформіць дакумэнты на гараж. Цяпер гараж лічыцца самавольнай пабудовай, і за гэта гаспадар пэрыядычна сплачвае штрафы.
«А па-іншаму тут немагчыма», — кажа ён.
А 18-й гадзіне тут сапраўдны праспэкт
Самае дзіўнае, што ў забудове раёну не зацікаўленыя і жыхары дамоў, якія пасьпелі пабудаваць на Тургенева. Праз шчыльную забудову тыя шматпавярховікі ня маюць ні зялёнай зоны ў двары, ні дзіцячых пляцовак.
«Гуляць з вазком увогуле няма дзе, — кажа маладая маці Вольга, якая ідзе праз прыватны сэктар у кватэру на Тургенева. — Ходзім у парк Дружбы народаў на Бангалор ці ў сквэр на Бяды».
Пра транспартныя праблемы ўжо сёньня кажуць жыхары і шматпавярховікаў, і прыватных дамоў.
«Гэта будзе самы сапраўдны каляпс! — кажа Ўладзімер. — Ужо сёньня сюды цяжка заехаць і немагчыма знайсьці месца для паркоўкі».
Транзытны рух і паркоўкі — самыя частыя тэмы спрэчак паміж жыхарамі прыватнага сэктару і навабудаў. Заездаў тут два: або з Багдановіча наўпрост да Тургенева, або па Корш-Сабліна, дзе стаяць толькі прыватныя дамы.
«Тут у нас а 18-й гадзіне — сапраўдны праспэкт. Гойсаюць так, што дзіця ня выпусьціш на вуліцу», — кажа Юры.
Пад новымі дамамі прадугледжаны падземны паркінг. Але машынамесца там каштуе да 20 тысяч даляраў, таму ўладальнікі аўто паркуюцца ў прыватным сэктары. Баронячы выезды са сваіх двароў, гаспадары дамоў нацягнулі драты па лініі вуліцы.
Каб было з чым ісьці ў міліцыю ў спрэчных выпадках, некаторыя нават ставяць камэры назіраньня.
Да нас прыходзілі з манціроўкамі
16 студзеня 2015 году некаторыя жыхары Сельгаспасёлку атрымалі рашэньне аб будучым выманьні зямельных участкаў. Большасьць не настроеныя так проста выяжджаць з родных дамоў.
«За знос выступаюць толькі тыя, хто ня хоча нічога рабіць, — кажа Ўладзімер. — А мы хочам, але нам не даюць».
Пасьля перасяленьняў з вуліцы Тургенева на сумленныя ўмовы гульні з уладамі мясцовыя жыхары не спадзяюцца. Але ўжо маюць досьвед, а таму зьбіраюцца адстойваць сваё жыльлё.
«Тут ужо былі ваенныя дзеяньні. І яшчэ будуць», — кажа Ўладзімер.
Ён распавядае, як да жыхароў Сельгаспасёлку прыходзілі кіроўцы з манціроўкамі. Справа ў тым, што пры будаўніцтве тэхніка павінна была заяжджаць толькі з вуліцы Багдановіча. Але шмат хто ехаў праз прыватны сэктар. Каб перашкодзіць буйной тэхніцы, жыхары паркавалі аўто каля сваіх дамоў у шахматным парадку.
Усе, каго распытала Свабода, кажуць, што хацелі б застацца тут жыць, але каб ім дазволілі будаўніцтва й рамонт.
«На нас цяпер кажуць — калгасьнікі, — кажа Іван. — Але ж самі ўлады не давалі нам усё жыцьцё забудоўвацца, а цяпер кажуць — трухлявае жыльлё ў горадзе».