Расейскі рубель працягвае абясцэньвацца на тле зьніжэньня ўсясьветных цэнаў на нафту — 4 жніўня біржавы курс даляра апусьціўся ніжэй за адзнаку 63 рублі, эўра ўшчыльную наблізіўся да 69 рублёў.
Тым часам беларускі рубель, прывязаны ў валютным кошыку да расейскага ў большай ступені, чым да астатніх грашовых адзінак, ня толькі не зьніжаецца разам зь ім, а наадварот — умацоўвае свае пазыцыі. Так, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2014 году ўмацаваньне сярэдняга курсу беларускага рубля да расейскага перавысіла 9%, тады як дынаміка да даляра і эўра зусім адваротная — аслабленьне амаль на 50% і на 21% адпаведна. Але ці доўга працягнецца такое «дамінаваньне»? Фінансавы аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што ўсьлед за расейскім беларускі рубель пачне пікіраваць ужо неўзабаве:
«Я думаю, што надта доўга такая дыспрапорцыя працягвацца ня можа. З улікам таго, што ў нас ільвіная доля валютнай выручкі, якая паступае на біржу, — гэта расейскія рублі, раней ці пазьней, вядома ж, беларускі рубель падцягнецца да расейскага. Дакладней, апусьціцца. Зразумейце, палітыка Нацбанку такая, што ён да пэўнага моманту любыя ваганьні лічыць выпадковымі. Пакуль не настае нейкі момант, калі рэгулятар бачыць, што гэтыя адхіленьні — не ваганьні вакол нейкага цэнтральнага значэньня, а тэндэнцыя. Вось тады ён перастае ёй супрацьдзейнічаць, наадварот, нават спрыяе. Вядома, запатрабуецца некаторы час дзеля таго, каб сытуацыю асэнсаваць, але, як на маю думку, гэты час не такі і далёкі».
Несуцяшальныя прагнозы пачынаюць спраўджвацца. Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы замежныя валюты прадэманстравалі рост. На пару дзясяткаў капеек, але ўмацаваўся нават расейскі рубель. Афіцыйны курс даляра дасягнуў гістарычнага максымуму, падскочыўшы на 151 рубель — да адзнакі 15497. Эўра вырас на 124 рублі — да 16 988, расейская валюта ўмацавалася з 245,86 да 246,21 беларускага рубля.
Тым часам, як перакананыя экспэрты, вызначальным для абвалу расейскай валюты стала становішча на нафтавым рынку: у аўторак кошт маркі Brent апускаўся ніжэй за псыхалягічную адзнаку 50 даляраў за барэль, што выбівае глебу з-пад сыравінна-залежнай расейскай эканомікі. Сяргей Чалы адзначае, што пры сёньняшняй тэндэнцыі на зьніжэньне нафтавых каціровак перспектывы расейскаага рубля цьмяныя:
«Справа ў тым, што расейскі рубель насамрэч абсалютна лінейна залежыць ад кошту нафты. То бок у гэтым сэнсе сувязь — наўпрост. Асабліва гэта добра паказаў апошні год, калі стала зафіксаваўся здабытак кошту даляра ў расейскіх рублях і кошту барэля нафты ў далярах — гэта прыкладна пастаянная велічыня ў межах дзесьці 32 000–35 000 расейскіх рублёў. Вось адсюль гэтая залежнасьць і ідзе. Паколькі нафта цяпер падае, то, адпаведна, расейскі рубель валіцца ўсьлед за ёй гэтаксама».
Эканамісты папярэджваюць, што татальная прывязка да расейскага рынку можа адчувальна адбіцца на беларускай эканоміцы. Таму, як кажа кіраўнік парталу probusiness.by Віталь Валянюк, нашмат камфортней будуць адчуваць сябе тыя кампаніі, якія своечасова прадугледзелі дывэрсыфікацыю і маюць магчымасьць пераарыентавацца на іншыя краіны:
«Ключавая выснова, якую многія нашы кампаніі зрабілі яшчэ раней, палягае ў тым, што неабходна дывэрсыфікаваць рынкі, шукаючы магчымасьць атрыманьня валютнай выручкі ня толькі ў Расеі, але і ў краінах Эўропы, на азіяцкіх рынках, на рынках Лацінскай Амэрыкі і г.д. Таму досыць добра пачуваюць сябе найперш тыя, хто ажыцьцявіў такую дывэрсыфікацыю, хто працуе на рынках розных дзяржаваў. Найперш, гэта ІТ-сэктар, які ў асноўным абслугоўвае заходніх кліентаў, вытворцы калійных угнаеньняў, дзе структура экспарту надзвычай рознабаковая і доля Расеі — на ўзроўні статыстычнай хібнасьці, а таксама вытворцы нафтапрадуктаў — за кошт таго, што гэта перадусім пастаўкі ў краіны Эўразьвязу. Ну і, магчыма, дрэваапрацоўка і пастаўка піламатэрыялаў».
Расейскія і міжнародныя экспэрты канстатуюць, што нэгатыўны зьнешні фон у эканоміцы Расеі будзе ўзмацняцца, бо складана вызначыць, на якім узроўні спыніцца падзеньне расейскага рубля. Курс даляра ўжо падняўся вышэй за сакавіцкі максымум, і, паводле некаторых прагнозаў, калі «зона супраціву» ў 63–65 рублёў будзе пройдзеная, ужо да сярэдзіны жніўня можа скарыць вышыню ў 70 рублёў. Што тычыцца эўра, то пасьля непазьбежнага выхаду да 70 рублёў наступнай мэтай будзе ўзровень 78 рублёў і нават вышэй. Пры гэтым экспэрты лічаць, што інтэрвэнцыі Цэнтрабанку Расеі наўрад ці дапамогуць спыніць падзеньне рубля — пры цяперашніх цэнах на нафту гэта ня будзе мець ніякага сэнсу.