Калі ўявіць, што сучасная геапалітычная карціна сьвету – гэта школьная кляса, то можна цалкам выразна прадставіць сабе школьныя ролі.
У клясе ёсьць выдатнікі. Адзін зь іх – ЗША – сымпатычны і атлетычны, кумір усіх дзяўчатак. Як гэта звычайна бывае ў галівудзкіх моладзевых камэдыях, грае квотэрбэка ў школьнай камандзе па амэрыканскім футболе, дужы, нахабны, упэўнены, цьвёрда ведае, чаго хоча ад жыцьця.
Другі – Эўропа – гэта, хутчэй, тыпаж выдатніка-батаніка. Ён даўно ўжо ня лезе на першыя ролі, часам раўнуе да ЗША, але разумее, што безь сяброўства з Амэрыкай яму не захаваць сваю ролю. Затое Эўропа – найлепшы ў мастацтве, літаратурах і мовах, шкадуе слабенькіх і дае ім сьпісаць.
Трэці выдатнік – гэта Японія. Ён сам па сабе, ён даўно ўжо не прагрэсуе ў вучобе, бо яму гэта ня вельмі цікава. У глыбіні душы ён лічыць сябе вышэй за іншых, але ня кажа пра гэта ўголас. Ён звысоку глядзіць на іншых, але вымушаны сябраваць з ЗША, бо яму патрэбна абарона ад задзірлівых троечнікаў і чацьвёрачнікаў.
Асноўны чацьвёрачнік – гэта Кітай, які яшчэ зусім нядаўна быў двоечнікам, але цяпер прагрэсуе хутчэй за ўсіх. Старанна вучыцца, не прапускае ніводнага прадмета, нават сьпевы і фізкультуру. Хоча стаць ня проста выдатнікам, але адзіным выдатнікам. А пакуль чакае свайго часу – і таму занадта не задзіраецца.
Троечнікі вельмі розныя. Ёсьць Лацінская Амэрыка, якая і магла б палепшыць свае ацэнкі, але няма калі – то траўку курыць, то ў футбол гуляе, то супраць футболу пратэстуе.
Галоўны двоечнік – гэта Афрыка. Яе, як і ўсіх двоечнікаў, цягнуць наверх, завышаюць ацэнкі, даюць шанец выправіцца і пераздаць. Дабрадзейная Эўропа праводзіць свой вольны час з Афрыкай у дарэмных спробах тую падцягнуць. Але ўсё марна – падобна, гэтыя двоечнікі думаюць толькі пра тое, каб хутчэй скончыць школу і перасяліцца ў адзін раён з Эўропай ці Амэрыкай.
Але галоўная праблема школы на сёньня – троечнік Расея.
Але галоўная праблема школы на сёньня – троечнік Расея. Яшчэ нядаўна многія чакалі, што Расея зробіць рывок і дагоніць выдатнікаў. Усе ёй сымпатызавалі, дапамагалі падняцца ў цяжкія хвіліны, рашалі хатнія заданьні, дзяліліся абедамі.
Але потым з Расеяй штосьці сталася. Яна пачала хуліганіць, нападаць на слабых, адбіраць у малодшых сьняданкі і асабістыя рэчы. Паступова прасяклася дзіўнымі і небясьпечнымі ідэямі, зь ёй проста стала непрыкольна і непрыемна мець зносіны. Хаміць выдатнікам, хоць і баіцца нарывацца па-сапраўднаму, пляце інтрыгі.
Расея стала ізгоем, зь якім перасталі сябраваць усе – ад троечнікаў да выдатнікаў. Цяпер у калідорах школы адны будуць яе абмінаць, а іншыя – ставіць ёй падножкі.