На пад’ездах віцебскіх дамоў дзе-нідзе зьявіліся аб’явы з партрэтам аўтара — ката Вітушкі.
Хто ягоны гаспадар, невядома. Але пазыцыя гэтага невядомага жыхара зразумелая: ягоны гадаванец Вітушка просіць «не засьмечваць паштовую скрынку ўлёткамі і запрашэньнямі». Бо «ў сувязі зь невылучэньнем ката Барсіка» ў выбарах удзельнічаць увогуле ня мае сэнсу.
Зварот адрасаваны «чальцам камісіяў і іншым актывістам выбарчага працэсу».
Паводле віцяблянаў, якім давялося ўбачыць гэткія аб’явы, многія зь іх падзяляюць пазыцыю ката Вітушкі — яны гатовыя ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. І ўжо ня толькі дзеля крыўды за Барсіка, якога ЦВК не зарэгістравала ў якасьці прэтэндэнта ў кандыдаты. А таму, што будучы вынік, як паказвае досьвед мінулых выбараў, ужо і так прадказальны.