«Чаму многія людзі ў Беларусі мала цікавяцца выбарчай кампаніяй?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Былы функцыянэр: «Людзі яшчэ не сасьпелі, соцыюм не сасьпеў для маштабных дзеяньняў на выбарах. Цяпер летні пэрыяд, шмат хто на лецішчах. Моладзь, студэнты найперш, дзесьці адпачывае. Так, актыўнасьці не назіраецца. Але, я думаю, пры канцы жніўня, у верасьні дынаміка будзе лепшая».
Супрацоўніца бюджэтнай арганізацыі: «Неяк не зьвяртала на гэта ўвагі. У нас на працы гэта не абмяркоўваюць. Шчыра кажу: мы ня гутарым на гэтую тэму. Я не хачу пераменаў, я іх баюся».
Малады мужчына: «Я думаю, што людзі не спадзяюцца, што нешта канкрэтнае атрымаецца з гэтых выбараў».
Маладая кабета: «Людзі ў адпачынку, на лецішчах — іх няма ў горадзе. Таму й малая цікавасьць. Мы цікавімся: аднаго ведаем дакладна. (Сьмяецца.) Яшчэ настаўніца ёсьць зь Менску, ГайдукОвіч ёсьць».
Малады спэцыяліст: «Думаю, з-за таго, што ўсе ведаюць, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе. Нічога ня зьменіцца, як ні галасуй. Усе зьмірыліся, абыякавасьць поўная. Не чакаюць нейкіх пераменаў».
Пэнсіянэрка: «А чаго цікавіцца? Усё адно Лукашэнка будзе».
Малады мужчына: «Усе ўпэўнены, што будзе так, як і раней. Альтэрнатывы няма. Хто ведае пра васьмёх прэтэндэнтаў? Гэтага хоць бачна, чутна. Зразумела, чаго ён хоча й чаго патрабуе. Калі шчыра, то я й сам не цікаўлюся».
Зьбіральніца подпісаў: «Людзі вызначыліся, хто й чаго хоча. Некаторыя ідуць міма, махаюць рукою і кажуць: «Мой подпіс нічога ня зьменіць, бо ведаем, хто будзе — вынікі выбараў перадвызначаныя».
Прадпрымальнік: «Мне выбары не цікавыя. Навошта гэты спэктакль зь вядомым вынікам?»
Мужчына ў гадах: «Загадзя вядома, хто будзе прэзыдэнтам. Ён нічога лепшага не зрабіў для народу. Як ён кажа: калі адчыніць лядоўню, то ў кожнага ляжыць кавалак сала, а гэта азначае, што ня голад».
Гараджанін перадпэнсійнага веку: «Ня ведаю, як хто, але я супраць Лукашэнкі. Вы калі-небудзь бачылі, народ бачыў, каб Брэжнеў ці хтосьці з савецкіх браў сваіх дзяцей на трыбуну? А чаму Лукашэнка ўзяў свайго сына? Пашыў яму форму і той прымаў парад. Хто ты такі? Дзіця! Гэта такое бязьмежжа — народ абураецца».