Жыхарка Магілёва, дваццацітрохгадовая журналістка Дыяна Якаўлева два тыдні адпрацавала валянтэркай у Харкаве на адной з тамтэйшых гуманітарных станцыяў.
Разам зь іншымі валянтэрамі раздавала ўцекачам з зоны антытэрарыстычнай апэрацыі гуманітарную дапамогу. Дзяўчына кажа, што наважылася на паездку ў прыфрантавую вобласьць Украіны, каб убачыць плён ад свае актыўнасьці. Сваімі ўражаньнямі ад паездкі яна падзялілася зь беларускай Свабодай.
Паводле Дыяны, уцекачоў з зоны баявых дзеяньняў у Харкаве нямала. Але ў параўнаньні зь мінулым годам плынь зьменшылася. Цяпер, кажа дзяўчына, за суткі прыбывае да трохсот чалавек. Год таму гуманітарныя станцыі прымалі да дзьвюх тысяч і ледзьве давалі рады такой колькасьці. Самой Дыяне давялося папрацаваць з 50 сем’ямі.
«Нам апавядалі, што год таму сытуацыя была дужа цяжкая, бо ўцекачы прыяжджалі і ў многіх была гістэрыка. Мясцовыя псыхолягі ня ведалі, што рабіць з такой панікай. А цяпер яны даволі адаптаваныя да жыцьця. Крыху супакоіліся і ўпэўнена прыходзяць па дапамогу ды даволі бойка сябе паводзяць. Ёсьць, зразумела, і тыя, у каго апусьціліся рукі. Яны кажуць, што адчуваюць сябе нікому не патрэбнымі».
На станцыі, дзе працавала валянтэркай Дыяна, было чацьвёра беларусаў. Астатнія супрацоўнікі — тыя ж уцекачы, якія ў свой час прыйшлі па дапамогу і засталіся, каб дапамагаць іншым. У кожнага, заўважае суразмоўніца, свая трагічная гісторыя бежанства. Усе спадзяюцца, што некалі на Данбасе ўсталюецца мір і яны вернуцца на радзіму. Мала хто з уцекачоў два гады таму мог уявіць, што іх край стане зонай ваенных дзеяньняў. Жыхары Харкава, кажа Дыяна, вераць, што вайна да іх ня прыйдзе.
«У самім Харкаве дужа моцны нацыянальны ўздым. Паўсюль налепкі, у колеры нацыянальнага сьцяга расфарбаваныя дрэвы. Нават паролі да Wi-Fi, так бы мовіць, нацыяналістычныя, антырасейскія і супрацьпуцінскія. Там цяпер дужа востра рэагуюць на ўсё, што зьвязана з Расеяй. Беларусаў прымаюць з адкрытай душой. Мы хадзілі ў нашых вышыванках, і яны казалі, што вышыванкі — гэта крута. Тыя, хто выехаў з Данбасу, яшчэ вастрэй рэагуюць на вайсковыя дзеяньні з боку Расеі».
Адчуваньня таго, што недзе недалёка вайна, не было, кажа Дыяна. Хаця, прызнаецца дзяўчына, першыя суткі было нязвыкла сутыкацца на вакзале з праверкамі дакумэнтаў, бачыць на вуліцах людзей з аўтаматамі ды агітацыйныя намёты з заклікамі запісвацца ў войска.
«На трэція суткі мы да ўсяго прывыклі, — адзначае суразмоўніца. — У прынцыпе, там жа мірнае жыцьцё. Трывогі не ўзьнікае. Мне дужа хочацца туды зноў, бо людзям, якія там працуюць валянтэрамі, патрэбная міжнародная салідарнасьць. Да іх хочацца, а яшчэ хочацца дзеля цікавасьці паехаць у зону баявых дзеяньняў».
Паводле Дыяны, беларусаў, якія хацелі б дапамагчы ўкраінцам гэтаксама, як яна, — няшмат.
«Асабліва ахвотнікаў, наколькі я ведаю, няшмат. Для многіх беларусаў Украіна цяпер атаясамляецца з вайной. Па вяртаньні, калі я апавядала тутэйшым актывістам пра сваю валянтэрскую працу ва Ўкраіне, многія казалі: «Так, гэта цікава, але ці мала якія ў нас будуць праблемы, калі вернемся адтуль». Калі сказаць слэнгам: «Тут могуць прэсануць толькі з-за аднаго штампа ў пашпарце».
Дыяна кажа, што ў яе не было праблемаў па вяртаньні ў Беларусь. Тым ня менш, адзначае дзіўныя, як яна кажа, паводзіны бацькоў.
«Пасьля таго, як я зьезьдзіла туды, яны ўсю маю літаратуру і ўсе мае запісы, паштоўкі, налепкі спалілі. У іх быў дужа вялікі шок, што я ва Ўкраіну зьезьдзіла».
Сама Дыяна паехала ва Ўкраіну, каб адчуць, што можа быць сапраўды патрэбнай.
«У нашай рэчаіснасьці, калі займаесься нейкай справай, то, вядома ж, разумееш, як яна мае ўплываць на грамадзтва і на жыцьцё. Але разам з тым складана ўбачыць рэальнае дзеяньне, якое дапамагае. Там жа, калі раздаеш тую ж адзежу, у цябе ў руках нешта матэрыяльнае, і гэтым ты дапамагаеш канкрэтнаму чалавеку. Ад гэтага становіцца неяк добра ўнутры».