Людміла Пуціна і Марыля Літвін. Чым адметныя беларускія прозьвішчы на -ін

Калі Марыля Русін пабралася зь Міхалонам Літвіном, яна стала Марыля Літвін. Піша Вінцук Вячорка.

Беларускія прозьвішчы на -ін або -ын маюць інакшае паходжаньне, чым расейскія. І адпаведна інакш зьмяняюцца ды ўтвараюць жаночыя формы.

Вось жа расейскія прозьвішчы на -ин/-ын утвараюцца ад імёнаў ці мянушак абодвух родаў. Яны некалі былі прыналежнымі прыметнікамі, адказвалі на пытаньне «чей?». Ильин, Гришин, Путин, Распутин, Рагозин, Затулин. І скланяюцца падобна прыналежным прыметнікам. Кім хоча стаць Пуцін?

«Путин хочет стать Сталиным-2», — мяркуе аналітык Станіслаў Бялкоўскі. Сталиным і Лениным — як батиным, дядиным.

У беларускай жа мове прыналежныя прыметнікі ад словаў мужчынскага роду — толькі на -оў, -еў, -аў. Чый? татаў, Алесеў, Янкаў, Пецеў. Адпаведна прозьвішчы на -ін/-ын ад імя бацькі або дзеда ў нас разьвіцца не маглі. Па-беларуску прыналежныя прыметнікі на -ін/-ын — толькі ад словаў жаночага роду. Чый? матчын, даччын, Вольжын, Алесін.

Беларускія ж прозьвішчы на -ін/-ын — зусім не ад колішніх імёнаў бацькі ці далейшага продка-мужчыны.

Your browser doesn’t support HTML5

Ганна Ліцьвіна ці Ганна Ліцьвін, Юля Андрусішын ці Андрусішына?

Прыкладам, Літвін або Ліцьвін, Русін, Жамойцін, Валошын, Вугрын, Турчын — родавыя найменьні паводле нацыянальнасьці, або паходжаньня, або зьвязанай зь імі мянушкі: валошын — жыхар цяперашняй Малдовы, вугрын — мадзяр, жыхар Вугоршчыны або, як цяпер кажуць на польскі лад, Венгрыі.

Калі Мурын — беларускае прозьвішча, то яно можа быць ад экзатычнага продка ці ад мянушкі Мурын, якую маглі даць чалавеку зь цямнейшай скурай.

Ёсьць і прозьвішчы паводле назвы жыхара мясцовасьці або паселішча: Гаранін, Азяранін, Лучанін (ад лýка), Лужанін.

Адпаведна і зьмяняцца ўсе такія прозьвішчы маюць ня як расейскія Пуцін-Сталін (на прыметнікавы ўзор), а як назоўнікі:

У суаўтарстве зь Міхалонам Літвіном. Пры Максіму Лужаніну.

Форма жаночага роду ад агульнага назоўніка літвін/ліцьвін будзе літвінка/ліцьвінка, гаранін — гаранка. На прозьвішчы такая мадэль не пераносіцца. Ліцьвінова жонка — таксама Ліцьвін. Падобна як Пятро Каваль і ягоная жонка Яніна Каваль. Таксама Натальля Русíн (або Рýсін, калі настойваюць на націску), Вера Турчын, Марыля Гаранін. Хіба што вернуцца старыя нацыянальныя мадэлі ўтварэньня жаночых формаў прозьвішчаў — Ліцьвіновая, калі жонка, і Ліцьвінянка, калі дачка.

Міхалон Літвін (сапр. Міхал Цішкевіч), амбасадар ВКЛ у Крымскім ханстве. Кніга "Пра звычаі татараў, літвіноў і маскоўцаў" mdl.projektas.vu.lt

А ёсьць жа іншыя прозьвішчы на -ін/-ын, узьніклыя на беларускай глебе — зь непразрыстай этымалёгіяй, накшталт Хвоін, Чыквін, Гурын, Чыгрын, ці тоесныя імёнам, як Логвін ці Логін. Спэцыяліст у словаўтварэньні Павал Сьцяцко рэгулярна прысьвячае іх жаночым варыянтам вострыя тэксты.

«Беларускія прозьвішчы нярэдка перакручваюцца на небеларускі лад, напрыклад, Гавін, Гурын, Літвін, Логвін, Русін, Чыквін і падобныя пры абазначэньні асобы жаночага полу раптам набываюць канчатак -а: Гавіна, Гурына, Літвіна, Логвіна, Русіна, Чыквіна. Ці апраўданая такая форма? Не, нічым ня можна яе абгрунтаваць. Форму жаночага роду маюць толькі тыя прозьвішчы, якія паходзяць ад уласных жаночых імёнаў і ўтвораныя ад іх з выкарыстаньнем суфікса -ін-: Зініна, Зосіна, Ларына».

Праф. Сьцяцко спасылаецца на літаратара Івана Чыгрына са Слонімшчыны, які сьведчыць, што вяскоўцы згадвалі ў размове ягоную маці Хіму так: «Раіліся з Хімаю Чыгрын», «Казалі пра Хіму Чыгрын...».

Як Папа Гігін

Натуральна, найперш ад носьбітаў прозьвішча залежыць, ці захочуць яны ўжываць яго адпаведна беларускай граматычнай мадэлі. Ёсьць прозьвішчы, паходжаньне якіх можа быць дваякім. Напрыклад, Гігін. Калі прозьвішча прыйшло з Расеі — тады яно павінна мяняцца па граматычных родах і скланяцца як прыметнік: з Гігіным.

Але калі прозьвішча беларускае — іншая рэч. Тады яно або паходзіць ад балцкага кораню gig- , што мог абазначаць гатунак хвашча (параўн. слова гігель, прозьвішча Гігевіч), або ад грэцка-рымскага імя Hyginus (’Υγίνος, корань той самы, што ў слове гігіена). Быў такі рымскі паэт Гай Юліюс Гігін, што выклаў вершам паданьне пра Ахілаву пятку, а ў ІІ стагодзьдзі быў Папа Гігін, дарэчы, кананізаваны ў сьвятыя.

Імя хрысьціянскае, хоць рэдкае, ужывалася і ў нашых землях сярод каталікоў. Напр., кс. Гігін Антановіч «з-над Вяльлі» служыў капэлянам на Каўказе ў 1840-я — 50-я гады; у Відзах служыў кс. Гігін Дырмэйка (1880 г.).

А прозьвішчы, якія цалкам супадаюць зь невытворнымі формамі імёнаў, у Беларусі ня рэдкасьць: Логвін, Касьпер, Макей, Сяргей, Багдан/Богдан, Барыс/Борыс, Раман/Роман, Конан, Клім.

Рамуальд Клім, алімпійскі чэмпіён у кіданьні молата. Беларус з-пад Нясьвіжа


Таму носьбіты прозьвішча Гігін самі выбіраюць, ці скланяцца як Ленін, Сталін і Пуцін, ці як Ліцьвін, Русін і Жамойцін. Або з Гігіным, або з Гігінам. (Ня быць жа нам зусім бяз Гігіна.)

«...Склонять, как положено по-русски»

Некаторыя чытачы пасьля выхаду ў сьвет цікавых успамінаў Юлі Андрусышын (з дому Каралёва, з роду Луцкевічаў па матчынай лініі. Успаміны ў тым ліку пра даўнейшы Менск) задалі пытаньне, чаму, маўляў, ня Юля Андрусышына.

Муж сп-ні Юлі — Паўло (Павал) Андрусышын з украінскай Тарнопальшчыны, сыны Данчык — Багдан Андрусышын, сьпявак і журналіст Радыё Свабода, і Юрка.

У прозьвішчах на -ішын/-ышын дайшлі да нашага часу старадаўнія прыналежныя прыметнікі ад найменьня жонкі ці ўдавы паводле мужа. Такія найменьні ведалі і беларуская, і ўкраінская мовы. Мовазнаўца Мікалай Бірыла пісаў пра «размоўна-бытавыя найменьні»: Паўлючыха, Тодарыха — (чый?) Паўлючышын, Тодарышын; (чыя?) Паўлючышына, Тодарышына. Іваніха — Іванішына хата. Міколішына карова — значыць Міколіхі (Ушаччына). Аднак гэта ня прозьвішчы.

А ва ўкраінскай мове, найперш у Галіччыне, паводле такой мадэлі ўтварыліся менавіта прозьвішчы: Іванишин, Гаврилишин, Андрусишин. У даўнія часы жаночыя формы такіх найменьняў утвараліся як прыметнікі: Марія Іваниха Данилишина, Анна Николиха Федишина (напр., Метрика хрещених села Розвадова, 1753–1784 рр.). Але ўжо ў XIX ст. заходнеўкраінскаю нормаю сталі нязьменныя жаночыя формы прозьвішчаў накшталт Петрів і Гаврилишин. У сучаснай украінскай літаратурнай мове фармальна дапушчаюцца абодва варыянты — і Марія Гаврилишина (больш пашырана, зразумела, на Ўсходзе), і Марія Гаврилишин (Заходняя Ўкраіна). Але філёлягі, якія дбаюць пра культуру мовы, лічаць формы на -шина вынікам русыфікацыі.

Украінскія нязьменныя жаночыя прозьвішчы на -шын чамусьці нэрвуюць расейскіх камэнтатараў у сацыяльных сетках:

«Так что вы как хотите, а всем желающим соблюдать здесь правила грамматики русского языка я предлагаю и вас, и прочих Михалишиных-Степанишиных склонять, как положено по-русски.) А правила русской грамматики они, знаете ли, одни и те же что в России, что в Африке, что на Луне. К тому же здесь таки Россия — русская соцсеть, на русских серверах и с русскими владельцами».

Зразумела, трэба паважаць традыцыю і выбар носьбітаў прозьвішча Андрусышын, пагатоў беларускай мове нязьменная мадэль на -ін/-ын вядомая.

Ziganshin Boogie, Ziganshin Rock

Тут яшчэ момант. З савецкай гісторыі вядомае прозьвішча Зіганшын, людзі майго пакаленьня яго памятаюць з падручніка ангельскай мовы.

Асхат Зіганшын — татарын, адзін з савецкіх вайскоўцаў, што змагаліся за выжываньне на баржы ў дрэйфе і якіх не шукала (хто б дзівіўся) ўласнае камандаваньне, а ўратавалі амэрыканцы.

Прозьвішчы татараў (валжанскіх) імпэрскія чыноўнікі запісвалі паводле расейскіх словаўтваральных мадэляў прыналежных прыметнікаў. Так узьніклі прозьвішчы на -шын ад імёнаў на -шаһ: Мухаметшин < Мухаметша < Мөхәммәтшаһ. Адпаведна жаночыя іх формы паўтараюць расейскую мадэль: Мөхәммәтшина. Вось жа ўкраінскія нязьменныя жаночыя прозьвішчы на -шын кантрастуюць яшчэ і з татарскімі.

Леў Талстой — не таўсты леў

І яшчэ. У беларускай мове няма прыметнікаў на -ой. Расейскія сухой, кривой, морской — беларускія сухі, крывы, марскі. Адпаведна расейскія прозьвішчы на -ой (Толстой, Трубецкой, Полевой, Крутой) па-беларуску ня могуць успрымацца як прыметнікі, бо яны трапляюць у шэраг звычайных назоўнікаў на -й (лой, набой, надой, спакой, гемарой, трамвай). А таксама імёнаў накшталт Сысой або чужаземных мужчынскіх найменьняў, як Маккой. Так, як прыпынак трамвая, мела б быць кніга Талстоя. А не «Талстога», як усе прызвычаіліся. Выдатны расейскі філёляг Леў Усьпенскі казаў: «Площадь Льва Толстого совсем не то же, что площадь толстого льва» (кніга «Ты и твоё имя»). Ён меў на ўвазе адрозьненьне ўласных імёнаў ад звычайных словаў, але нам гэтая рэмарка яшчэ нагадвае, што маем іншую граматыку.

Таўсты леў — ня Леў Талстой, і скланяць іх варта адрозна. Інакш у граматыцы ўзьнікае не абгрунтаванае ўнутранай лёгікай беларускае мовы выключэньне.

(Некалі ў савецкі час Пётра Садоўскі падвёў мяне, асьпіранта, з гэтай тэмай да Аляксандра Падлужнага, тагачаснага намесьніка дырэктара Інстытуту мовазнаўства імя Я. Коласа. Сп. Падлужны не знайшоў контраргумэнтаў і сказаў толькі нешта накшталт: «Гэта ўжо занадта»).

Павел Сухі

Адваротны станоўчы прыклад. Быў знакаміты авіяканструктар, першы склад чыйго прозьвішча стаў брэндам самалётаў «Су», беларус з Глыбокага. Хоць ён жыцьцё пражыў пераважна ў Расеі (СССР), дзе цяпер экспартуе зьнішчальнікі расейская дзяржаўная кампанія «Сухой», усё ж у беларускай даведкавай літаратуры прозьвішча Сухі ў назоўным склоне пішуць, на шчасьце, па-беларуску.

Тады заканамерна: Павал Сухі — унівэрсытэт імя П. Сухога. А не «Сухой» — «Сухоя». Гэты выбар стаіць перад усімі беларускімі носьбітамі аналягічных прозьвішчаў: Крывой або Крывы, Грушавой ці Грушавы, Цернавой ці Цернавы.