ТОП-10 дзіцячых аўдыёкніг і аўдыёспэктакляў

Якімі беларускамоўнымі аўдыёкнігамі і спэктаклямі можна парадаваць нашых дзетак. ТОП-ліст па вэрсіі Аляксандры Сержановіч

Ва ўсіх бацькоў бываюць моманты, калі хочацца пачытаць кнігу любімаму дзіцяці, але важныя справы не даюць гэтага зрабіць. А калі замест вас кнігу пачытаюць сапраўдныя акторы, якія могуць падарыць нават вядомай гісторыі новае гучаньне? Наўрад ці нехта адмовіцца ад такога. Давайце ж зірнем, якімі беларускамоўнымі аўдыёкнігамі і спэктаклямі можна парадаваць нашых дзетак.

1. Прыгоды Малога і Мядзьведзіка

У маім асабістым маміным топе кнігі швэдзкай пісьменьніцы Юі Вісландэр «Малы і мядзьведзік» і «Малы і Білан», безумоўна, займаюць адныя зь верхніх радкоў. Маім дзецям вельмі даспадобы гісторыя пра хлопчыка, які бавіцца зь любімым мядзьведзікам і сяброўкай Білан, вынаходзіць новыя забавы, па-дзіцячы тлумачыць сьвет. Мне як маме вельмі імпануюць выхаваўчыя падыходы сям’і, у якой жыве Малы. Карацей, кожны знойдзе ў кнігах сваё.

Гэтыя кнігі ў 2011 годзе агучыў Зьміцер Вайцюшкевіч. На адным дыску зь імі знойдзеце і тэчку яго дзіцячых песень. Спампаваць дыск можна тут.

2. 11 гадзін казак

Многія бацькі пачынаюць знаёміць дзяцей з кнігамі з народных казак. На гэты выпадак ёсьць два дыскі зь беларускімі казкамі на выбар.

Хутчэй за ўсе, шмат хто чуў пра казкі ў выкананьні Алега Хаменкі. У вялікі зборнік працягласьцю 11 гадзін увайшло безьліч казак: народных і сучасных, для дзяцей і дарослых, пра жыцьцё, пра жывёл і чарадзейныя зьявы. Вось дзе сапраўды выбар на любы густ. Набыць дыск можна ў краме prastora.by.

Для аматараў сучасных тэхналёгій у хуткім часе зьявіцца вэрсія для iPHONE і iPAD. Пакуль пазнаёміцца з казкамі можна тут.

Your browser doesn’t support HTML5

Аўдыёкніга. Аб хітрым д'яку

3. Самыя вядомыя народныя казкі

Каму ж будзе мала такой разнастайнасьці ці захочацца пачуць казкі ў іншым выкананьні, можна зьвярнуцца да дыску «Беларускія народныя казкі. Чытае Віктар Манаеў».

У зборнік увайшлі 11 вядомых казак («Ганарыстая варона», «Як кот зьвяроў напалохаў», «Зайкава хата» ды інш.) у бліскучым выкананьні ды з прыемным музычным афармленьнем.

Набыць казкі можна тут, а паслухаць фрагмэнт – ніжэй.

Your browser doesn’t support HTML5

Казка пра курачку

4. Замежныя казкі па-беларуску

Калі хочацца паслухаць нешта з клясыкі замежнай дзіцячай літаратуры, выдатна падыдзе дыск «Казкі па тэлефоне. Казкі старога дома», на якім разьмясьціліся дзьве аўдыёпастаноўкі па кніжках Джані Радары.

Аматарам Братоў Грым спадабаецца спэктакль па казцы «Воўк і сямёра казьлянятаў», які атрымаў назву «Адчыніце, казьляняткі». Галасы актораў Тэатра юнага гледача і музыка аркестру тэатру зрабілі ўсім знаёмую казку вельмі прыемнай для праслухоўваньня. Абодва дыскі ёсьць у краме imbryk.by.

Your browser doesn’t support HTML5

Адчыніце, казьляняткі

Your browser doesn’t support HTML5

Казкі па тэлефоне

5. Ад А да Я

Дзеткам, якія вучацца чытаць, будзе дарэчы «Азбука для маленькіх + чытанка».

Яна складаецца зь вершыкаў, прысьвечаных кожнай літары алфавіту, якія перамяжоўваюцца зь песенькамі ў выкананьні дзіцячых ансамбляў.

У камплекце да дыску ідзе невялічкая чытанка зь вершыкамі, якія гучаць на дыску. Дыск можна прыдбаць тут.

Your browser doesn’t support HTML5

Азбука для маленькіх

6. Андэрсэн для дзяцей і дарослых

Старэйшых дзяцей і дарослых могуць зацікавіць дыскі з казкамі Андэрсэна. Вам мусяць спадабацца дыскі «Анёл» і «Дзікія лебедзі», на якіх зьмясьціўся цэлы казачны сьвет Андэрсэна зь яго тонкай філязофіяй.

Малым больш падыдзе аўдыёспэктакаль «Калядная быль. Вечаровыя казкі» паводле казкі «Елка».

У дадатак на дыску разьмясьцілі чатыры дадатковыя казкі ў добрым выкананьні: «Заробленыя грошы», «Разумнікі з Нукіма», «Буслы», «Гаспадар і парабак». Па гэтыя дыскі таксама можна зьвярнуцца ў краму Prastora.

Your browser doesn’t support HTML5

Г-Х Андэрсэн. Анёл

Your browser doesn’t support HTML5

Калядная быль. Вечаровыя казкі

7. Найлепшае для школьнікаў

Аўдыёкнігі — яшчэ і добрая магчымасьць пазнаёміць школьніка-лянотніка са школьнай праграмай і зацікавіць ёю. У агучаным варыянце ёсьць уся клясыка беларускай літаратуры, якая вывучаецца ў школе. Асобнымі дыскамі выходзілі «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Якуба Коласа, вершы і паэмы Янкі Купалы, вершы Багдановіча і найлепшыя творы Караткевіча.

Пачуць кавалак з "Сымона-музыкі" у выкананьні Валерыя Шушкевіча можна ніжэй.

Your browser doesn’t support HTML5

Якуб Колас. Сымон-музыка

8. Вершы са школьнае праграмы

Найбольш цікавымі падаюцца два камплекты дыскаў «Сотня вершаў. Клясыка беларускае літаратуры са школьнае праграмы» і «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі. Клясыка беларускае літаратуры са школьнае праграмы». Заслугоўвае ўвагі тое, што шэраг вершаў на дысках запісаныя самімі аўтарамі. Так, можна паслухаць, як чытаюць свае вершы Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Данута Бічэль ды іншыя выбітныя аўтары. Асобным дыскам выдадзеныя і творы беларускай літаратуры для завучваньня на памяць.

9. Новая казка сучаснага аўтара

Тым, хто захопіцца тэмай аўдыёказак, варта зьвярнуць увагу таксама на «Казкі з жыцьця Мікіткі і Данілкі» Ігара Кузьмініча.

Побач з мядзьведзікам, вусенем, павучком, камарыкам героямі яго казак стаў Белы Рыцар і нават яйка.

Тут ёсьць чым зацікавіцца і чаму зьдзівіцца. Зьвяртайцеся па дыск сюды.

10. Дарослая казка ад гурту "Палац"

Дзецям ад 10 гадоў і дарослым мусіць спадабацца народная казка «Салдат-доктар», запісаная гуртом «Палац».

Удзельнікі гурту папярэджваюць, што для маленькіх дыск не падыдзе, і бацькам варта спачатку праслухаць яго самастойна.

На дыску ўсяго чатыры трэкі: да казкі "Салдат-доктар" дадалі два маршы ("Вясельны маршык" і "Марш Белякова") і адзін вальс ("Фаніпальскі вальс"). Знайсьці казку можна тут.

Прыемнага праслухоўваньня!

Аляксандра Сержановіч
для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com