Аляксандар Лукашэнка патрабуе больш актыўнай працы па выведцы карысных выкапняў, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
«Я проста ня веру, што ў нас няма вялікіх аб’ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ. На падобных тэрыторыях у Расеі і іншых краінах здабываецца нямала нафты і прыроднага газу, а таксама каштоўных мэталаў — тое, што стварае аснову дабрабыту і ўстойлівасьці любой эканомікі любой дзяржавы», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Каўхуту.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што гэтае пытаньне ўздымалася і раней, але папярэдні склад ураду на чале з ранейшым прэм’ер-міністрам не атрымалі посьпеху ў гэтым напрамку.
Таксама ён адзначыў неабходнасьць улічваць досьвед замежных краін і больш актыўна наладжваць супрацоўніцтва зь імі па выведцы карысных выкапняў.
«Ёсьць шмат дзяржаў, якія валодаюць велізарнымі багацьцямі сваіх нетраў і кіраўнікі якіх прапануюць нам супрацоўнічаць — Вэнэсуэла, Зымбабвэ і іншыя лацінаамэрыканскія і афрыканскія краіны. Трэба вельмі сур’ёзна разам з зацікаўленымі прапрацаваць гэтыя пытаньні, у тым ліку паглядзець, на якіх умовах супрацоўнічаць і што мы ад гэтага будзем мець», — заўважыў Лукашэнка.
Паводле Лукашэнкі, дадзеная сустрэча папярэднічае нарадзе, якая сёлета пройдзе на ўзроўні прэзыдэнта і будзе прысьвечана тэме запасаў карысных выкапняў у Беларусі, выяўленых і разьведаных запасаў, а таксама пэрспэктывам гэтай дзейнасьці. Ён таксама сказаў, што гэтыя пытаньні будуць пад ягоным асаблівым кантролем.