«Беларусізацыя Microsoft Office, вядома, добра, але, на жаль, мы лянуемся нават беларускую раскладку ўсталяваць», — экспэрт-мовазнаўца.
Сусьветны лідэр у вытворчасьці праграмнага забесьпячэньня, кампанія Microsoft дадала да беларускамоўнай вэрсіі пакета офісных праграм Microsoft Office аўтаматычную праверку правапісу.
Усталяваць беларускую мову можна разам з новым пакетам офісных праграм Office 2016, дэма-вэрсія якога бясплатна спампоўваецца на сайце Microsoft. Ранейшая вэрсія (2013), у якой таксама ёсьць беларускі інтэрфэйс, але няма праверкі правапісу, даступная па спасылцы:
Пра тое, ці будуць актыўна карыстацца беларускамоўнай вэрсіяй тэкставага працэсара, узброенага функцыяй аўтаматычнай праверкі артаграфіі, і ці паўплывае беларусізацыя самага папулярнага офіснага пакета на колькасьць тых, хто ўсталёўвае беларускамоўны інтэрфэйс, Радыё Свабода запытала ў перакладчыкаў і мовазнаўцаў.
«Беларускамоўны інтэрфэйс мае вельмі не вялікі працэнт беларусаў-карыстальнікаў»
Мовазнаўца Ўладзімер Кошчанка кажа, што апэрацыйная сыстэма Windows мае беларускамоўны інтэрфэйс ужо некалькі год. Адметнасьць новай вэрсіі Office 2016 — у тым, што вытворца анансаваў сыстэму праверкі артаграфіі, якая мае быць уключаная ў тэкставы працэсар Microsoft Word. Праўда, пакуль што гэтая функцыя не актывізаваная.
Але, на думку адмыслоўца, казаць, што такім чынам выкарыстаньне беларускай мовы ў кампутарных праграмах значна пашырыцца, не выпадае — доля беларусаў, якія ставяць беларускія вэрсіі праграмаў, не перавышае некалькіх працэнтаў.
«Тое, што ідзе беларусізацыя, гэта станоўчы факт. Чым больш беларускай мовы, тым лепш. Іншае пытаньне: колькі людзей усталёўвае беларускую мову на кампутар? Напрыклад, беларускамоўны інтэрфэйс апэрацыйнай сыстэмы мае зусім невялікі працэнт беларусаў — карыстальнікаў інтэрнэту. Вельмі часта бачыш, што людзі ў сацыяльных сетках, пішучы па-беларуску і дэкляруючы падтрымку беларускай мовы, выкарыстоўваюць расейскую раскладку. Гэта ў некаторым сэнсе нават абражае. А беларуская мова даступная для ўсіх тэлефонаў — і для тых, што на „Андроідзе“, і для айфонаў. Было б жаданьне паставіць. Калі ёсьць жаданьне, то чалавек заўсёды знойдзе спосаб, як паставіць беларускую раскладку».
«Беларуская мова — у адным шэрагу з татарскай і ўйгурскай, але дзякуй і на тым»
Адмысловец у галіне перакладаў Віталь Станішэўскі лічыць, што беларусізацыяй кампанія Microsoft імкнецца прывабіць беларускага спажыўца:
«Кампанія Microsoft перакладае свае прадукты на шматлікія мовы, чым дамагаецца ляяльнасьці і павагі аўдыторыі, зарабляе рэпутацыйныя бонусы. Напрыклад, беларусізацыя сыстэмы Windows, а пазьней і Microsoft Office рабілася побач зь перакладамі прадукту на іншыя „малыя“ або экзатычныя мовы, сярод якіх, напрыклад, уйгурская, татарская і мова чэрокі. Зразумела, асноўныя моўныя пакеты зробленыя ўжо даўно, але вось цяпер кампанія Microsoft дабралася і да беларускай мовы. Увогуле, шмат якія кампаніі робяць беларускую вэрсію на аўтамаце: ёсьць краіна — трэба дадаць яе мову. Пры гэтым асабліва не заглыбляюцца ў палітычныя і моўныя аспэкты, ня ведаюць, напрыклад, што ў Беларусі пануе расейская мова. Таму тут можна сказаць, што нам шанцуе».
Віталь Станішэўскі перакананы, што беларускамоўная вэрсія Office запатрабаваная, але важна, каб карыстальнікі прадэманстравалі гэта кампаніі-вытворцу:
«Папулярнасьць беларускай мовы паступова расьце. Але тут трэба імкнуцца, каб беларусы нейкім чынам дэманстравалі, што яны выкарыстоўваюць беларускую мову ў кампутарных праграмах. Трэба спампоўваць, усталёўваць пры любой магчымасьці, дасылаць вытворцу падзякі, плаціць за прадукт, калі ёсьць магчымасьць. Каб гэтая беларусізацыя не была заснаваная толькі на добрай волі кампаніі Microsoft».