Расея будзе зьнішчаць «санкцыйныя» прадукты

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 29 ліпеня падпісаў указ аб зьнішчэньні з 6 жніўня тавараў, увоз якіх забаронены ў межах прадуктовага эмбарга.

«Увезеныя на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі сельскагаспадарчая прадукцыя, сыравіна і прадукты харчаваньня, краінай паходжаньня якіх зьяўляецца дзяржава, якая прыняла рашэньне аб увядзеньні эканамічных санкцый у дачыненьні да расейскіх юрыдычных і (альбо) фізычных асоб, альбо якая далучылася да такога рашэння, і якія забароненыя да ўвозу на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі, падлягаюць зьнішчэнню з 6 жніўні 2015 году», — гаворыцца ў дакумэнце, які апублікавала прэс-служба Крамля.

Ураду Раесі даручана «тэрмінова вызначыць парадак зьнішчэньня».

Указ ня тычыцца тавараў, «увезеных фізычнымі асобамі для асабістага карыстаньня альбо зьмешчаных пад мытную працэдуру мытнага транзыту і перавозяцца ў трэція краіны, пры ўмове сапраўднасьці вэтэрынарных і фітасанітарных суправаджальных дакумэнтаў, адпаведнасьці іх грузу, а таксама наяўнасьці ў дзяржаўных кантралюючых органаў дастатковых падстаў меркаваць , што дастаўка тавараў будзе завершана ў месцы, разьмешчаныя за межамі тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі...»

Раней харчовыя тавары, якія не прапускаў Рассельгаснагляд, вярталіся адпраўніку.

Рассельгаснагляд неаднаразова паведамляў пра спробы ўвозу праз беларускую мяжу рознай сельгаспрадукцыі, якая падпадае пад уведзеныя Расеяй санкцыі.