Нідэрлянды заклікаюць Расею не накладваць вета на праект рэзалюцыі аб стварэньні міжнароднага трыбуналу ў справе авіякатастрофы «Боінга-777» у Данбасе.
Просьбу выказаў у тэлефоннай размове з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным нідэрляндзкі прэм’ер-міністар Марк Рутэ. Размова адбылася па ініцыятыве Амстэрдама — напярэдадні заплянаванага на сёньня галасаваньня ў Радзе Бясьпекі ААН па прапанаванаму Малайзіяй дакумэнту. Стварэньне трыбуналу па авіякатастрофе ў Данбасе падтрымліваюць Нідэрлянды, Аўстралія, Украіна і Бэльгія.
Адпаведная рэзалюцыя прадугледжвае супрацоўніцтва з трыбуналам усіх зацікаўленых краінаў, якія ў выпадку адмовы ад спрыяньня могуць сутыкнуцца з санкцыямі.
Паводле інфармацыі прэс-службы Крамля, Пуцін у размове з Рутэ пацьвердзіў пазыцыю Масквы аб немэтазгоднасьці фармаваньня міжнароднага трыбуналу па «Боінгу».
Пуцін таксама акцэнтаваў ў размове, што ў Масквы застаецца нямала пытаньняў да міжнароднага расьследаваньня — у тым ліку да сабранай доказнай базе і ў сувязі зь недапушчэньнем Расеі да істотнага ўдзелу ў яго правядзеньні, заяўляюць у Крамлі.
Прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін заявіў у панядзелак, што Расея прагаласуе супраць малайзійскага праекту рэзалюцыі. Паводле Чуркіна, у выпадку, калі дакумэнт набярэ неабходныя для прыняцьця дзевяць зь 15 галасоў краін-чальцоў Рады Бясьпекі, расейская дэлегацыя скарыстаецца правам вета.