Ганна Фіфілд ў The Washington Post, абапіраючыся на даклад «Дэшыфроўкі кітайскага інтэрнэту: Глясарый палітычнага слэнгу», распавядае пра тое, як карыстальнікі кітайскага сэгмэнту Сеціва з дапамогай нэалягізмаў і іранічнага пераасэнсаваньня існых у кітайскай мове словаў абыходзяць дзяржаўную цэнзуру.
Аўтары дакладу пішуць: «Ва ўмовах шчыльнага сачэньня кітайскія інтэрнэт-карыстальнікі не змаўкаюць: іх патрэба ў большай свабодзе абмену інфармацыяй і самавыяўленьня часта праяўляецца ў выглядзе эзопавай мовы і мэтафараў, якія дазваляюць пазьбягаць прамой цэнзуры». Па гэтай прычыне кітайская мова ўжо ў гэтым годзе ўзбагацілася 25 новымі словамі і фразамі.
«Праверка лічыльніка вады»
Цікавасьць з боку паліцыі ў Кітаі не абяцае нічога добрага. Каб іх пускалі ў дамы, паліцэйскія «сталі прадстаўляцца кантралёрамі з вадаправоднай кампаніі». Так гэты выраз патрапіў ва ўжытак у значэньні «візыт паліцыі». Прыклад: «Добры дзень, гэта з вадаправоднай кампаніі, трэба праверыць лічыльнік вады. Пасьпяшайцеся, калі ласка. Мы нічога дрэннага вам не зробім. А калі вы не адкрыецца дзьверы, мы адкрыем агонь!».
«Хованкі» як прычына сьмяротнага зыходу
Гэты эўфэмізм пазначае сьмерць, якая адбылася пры падазроных абставінах у паліцэйскім пастарунку. Сваім паходжаньнем ён абавязаны інцыдэнту, які адбыўся ў 2009 годзе з мужчынам па імені Лі Цяомін, які быў асуджаны за незаконную высечку лесу і памёр у турме. Прыклад: «Паліцыя заявіла, што Лі памёр ад траўмы галавы, атрыманай падчас гульні ў хованкі зь іншымі вязьнямі».
«Эпоха Дама»
Слова «дама», якое па-кітайску азначае марыхуану, можна скласьці з мянушак прэзыдэнта Сі Цзіньпіна (Daddy Xi або «татка Сі») і яго жонкі Пэн Ліюань (Mama Peng або «матухна Пэн»).
«(Варожыя) замежныя сілы»
«Замежныя сілы», таксама часам «варожыя замежныя сілы», Пэкін вінаваціць у таемным кіраўніцтве, ад акцый пратэсту ў 1989 годзе, кульмінацыяй якіх стаў інцыдэнт на плошчы Цяньаньмынь, да дэмакратычнага руху, які ў мінулым годзе паралізаваў Ганконг. Карыстальнікі інтэрнэтам з дапамогай тэрміну «замежныя сілы» сталі высьмейваць ідэю, што за кожнай падзеяй ва ўнутранай палітыцы абавязкова стаяць нейкія зьнешнія гульцы.
«Навуковы падыход да выкарыстаньня інтэрнэту»
Тэрмін парадыруе словы былога старшыні КНР Ху Цзіньтаа, які заклікаў «глядзець на разьвіцьцё з навуковага пункту гледжаньня». Зараз з дапамогай «навуковага падыходу да выкарыстаньня інтэрнэту» кітайцы абыходзяць «Вялікі кітайскі фаервол» і наведваюць заблякаваныя сайты.
Напрыклад, нехта Дзінг піша: «Кожны раз, калі я выкарыстоўваю інтэрнэт па-навуковаму, набіраюся рашучасьці зьехаць за мяжу. Парушэньні з боку ўраду ёсьць паўсюль, але, па меншай меры, я знайду ўрад, якога не хвалюе, што я іду на Facebook».
«Добраахвотныя 50-цэнтавікі»
Так на сеткавым слэнгу называюць камэнтатараў, якія бясплатна выступаюць на баку кітайскага ўраду, у адрозьненьні ад тых, якія працуюць на падрадзе і нібыта атрымліваюць па 50 цэнтаў за кожны пост з пазытыўным водгукам аб уладах.
«Рэінкарнацыя»
Пасьля прымусовага выдаленьня свайго акаўнту ў якой-небудзь сацыяльнай сетцы людзі нярэдка зноў зьяўляюцца ў ёй, выкарыстоўваючы для гэтага новы акаўнт, у назьве якога да іх імя часам дадаецца слова «рэінкарнацыя».
«Тоўсты Кім III»
Мянушка лідэра Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына. Праўда, гэты прыніжальны тэрмін не выклікае ў афіцыйнага Пэкіну вялікую незадаволенасьць: улады Кітаю самі не ў захапленьні ад юнага лідэра КНДР. Гэта не перашкаджае кітайцам часам называць сваю краіну «Заходняй Карэяй», намякаючы на пастаяннае ўзмацненьне жорсткасьці кантролю з боку ўладаў.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад парталу Inopressa