Пад Марыюпалем пачалася дэмілітарызацыя. Ці прынясе яна мір?

Пад пратэсты марыюпальцаў добраахвотніцкія батальёны выходзяць з прыморскага пасёлка Шырокіна, што пад Марыюпалем. Пакінуць стратэгічныя пазыцыі Кіеў вымушаюць у рамках менскіх дамоўленасьцяў.

Добраахвотнікаў мяняюць на марскую пяхоту

У Марыюпалі баяцца, што падразьдзяленьні ўкраінскай арміі, якія зьменяць батальён «Данбас», ня будуць гэтак жа зацята трымаць абарону і ў выпадку загаду зьверху без ваганьняў пакінуць пазыцыі, адкрыўшы шлях на горад.

Ва Ўзброеных сілах Украіны сьцьвярджаюць, што зьмена добраахвотнікаў, якія цяпер фармальна ўваходзяць у структуру Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, абумоўленая неабходнасьцю ратацыі — замены іх на больш прафэсійных байцоў марской пяхоты.

Палітоляг Вадзім Карасёў тлумачыць, што замена «Данбаса» і «Азова» зьвязаная з тым, што ўлады не давяраюць добраахвотніцкім фармаваньням.

«Добраахвотніцкія батальёны не заўсёды падпарадкоўваюцца вайсковаму камандаваньню і вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, часам займаюцца партызанкай. І, значыць, мы ня можам гарантаваць выкананьне сваёй часткі абавязаньняў у рамках менскіх пагадненьняў», — кажа Карасёў.

На стварэньні дэмілітарызаванай зоны настойвае Нармандзкая чацьвёрка. У прыватнасьці, пра гэта дамовіліся на апошняй нарадзе ў рамках менскай кантактнай групы.

Данбас чакае лёс Прыднястроўя

Украінскі вайсковы карэспандэнт Раман Бачкала піша http://gordonua. com/day_question/bufernaya-zona-donbass. html, што стварэньне буфэрнай зоны прывядзе Данбас да сцэнару Прыднястроўя, Нагорнага Карабаху і Косава:

«Ці патрэбная буфэрная зона? Усё залежыць ад мэтаў і задач палітычнага кіраўніцтва дзяржавы. Калі мы хочам вырашаць канфлікт дыпляматычнымі мэтадамі, то буфэрная зона — непазьбежны этап. Але калі мы спытаем вайскоўцаў, то пачуем гнеў і абурэньне. Я магу пацьвердзіць — па ўсёй лініі фронту атрыманы загад няўхільна выводзіць тэхніку зь перадавой. Мякка кажучы, гэта выклікае неразуменьне салдат і афіцэраў. Некаторыя нават зьбіраюцца „партызаніць“ — хаваць тэхніку ад камандаваньня, баючыся, што праціўнік скарыстаецца адводам сілаў і будзе контратакаваць. З гэтага моманту можна сьмела казаць: сцэнар вызваленьня Данбасу ваенным шляхам адкладзены да лепшых часоў».

Шырокіна зруйнавана дашчэнту

Разбурэньні ў Шырокіна

Журналіст беларускага выданьня «Новы час» Зьміцер Галко жыве ў Марыюпалі ад сакавіка гэтага году. Два дні таму ён наведаў Шырокіна і падзяліўся з Радыё Свабода сваімі ўражаньнямі:

«Я быў у Шырокіне на выходных. А калі ўжо ў панядзелак спрабаваў дапамагчы знаёмым журналістам туды заехаць, то атрымаў адмову — прадстаўнікі батальёнаў „Азоў“ і „Данбас“ сказалі, што ўжо вывелі свае войскі з Шырокіна і ўезд у яго закрыты. Калі казаць пра тое, што бачыў я, то на выходных там заставалася некалькі дзясяткаў салдатаў са стралковай зброяй, цяжкага ўзбраеньня ўжо не было. Было ціха. Але вялася гарачая закрытая дыскусія паміж батальёнам „Азоў“, батальёнам „Данбас“ і ўладамі пра тое, ці варта выводзіць салдатаў з Шырокіна. Я так разумею, што, нягледзячы на нязгоду прадстаўнікоў батальёнаў з дэмілітарызацыяй, загаду ўладаў яны падпарадкаваліся. Але застаецца яшчэ адна сіла — „Правы сэктар“, які абяцаў, што будзе заставацца ў Шырокіне нават у партызанскім стане і дзейнічаць у выглядзе дывэрсійных групаў. Магу сказаць, што пакуль там ціха. Але разбурэньні там, дзе стаялі ўкраінскія вайскоўцы, дасягаюць 100%. Зруйнавана абсалютна ўсё, таму і цывільных там не засталося».

Цяпер, пасьля вываду як украінскіх салдатаў, так і баевікоў, Шырокіна кантралюецца прадстаўнікамі місіі АБСЭ.

У Марыюпалі пра вайну пачалі забывацца

2 жніўня ў Марыюпалі, дзе цяпер жыве Зьміцер Галко, адбудзецца мітынг супраць вываду ўкраінскіх войскаў.

Зьміцер Галко

Зьміцер кажа, што ў цэнтры гораду, каля спаленага будынку гарсавету, стаяць два вялікія намёты — сымбалічны Майдан.

«Таксама быў Аўтамайдан. Але ўсё гэта ня мае вялікіх маштабаў. Цяпер гаворка ідзе ня толькі пра дэмілітарызацыю Шырокіна, а пра стварэньне 30-кілямэтровай буфэрнай зоны, куды трапляе і Марыюпаль. Таму людзей хвалюе, што тэхніка і падразьдзяленьні пакінуць і Марыюпаль. Што да жыхароў Марыюпаля і іхніх асьцярогаў, то цяпер сытуацыя сьцішылася. Вельмі даўно не было моцных абстрэлаў. Дый людзі да іх ужо вельмі прызвычаіліся. Пра вайну пачалі забывацца. Як сказала мне адна замежная журналістка, „Марыюпаль настолькі мірны, што я проста шакаваная“. Гэта натуральна, бо журналісты прыяжджаюць па іншае — па вайну. А тут усё цяпер мірна».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка днямі заявіў, што Марыюпаль не трапляе ў дэмілітарызаваную зону і ўкраінскія войскі там застануцца.