Актывісты крымска-татарскага руху, якім сьледчы камітэт РФ у Крыме забараніў пакідаць межы паўвострава, і тым самым пазбавіў іх магчымасьці ўдзельнічаць у Сусьветным кангрэсе крымскіх татараў у Анкары, запісалі відэазварот да кангрэсу.
Пра гэта Радыё Свабода паведаміў кіраўнік ЦВК Курултая крымскіх татараў Заір Сьмядляеў. Паводле яго словаў, актывісты не выключалі магчымасьць арышту, таму яны загадзя запісалі і адправілі відэазварот да ўдзельнікаў кангрэсу. Учора упраўленьне сьледчага камітэта Расеі ў Крыме забараніла выезд на Сусьветны кангрэс крымска-татарскага народу кіраўніку ЦВК Курултая крымскіх татараў Заіру Сьмядляеву і першаму намесьніку старшыні Меджліса крымска-татарскага народу Нарыману Джалялю. Ім уручылі позвы аб выкліку на допыт 1 жніўня ў якасьці сьведкаў па «справе 26 лютага», тым самым пазбавіўшы іх магчымасьці выехаць у Анкару і ўзяць удзел у кангрэсе.
Другі Сусьветны кангрэс крымскіх татараў пройдзе ў Анкары 1-2 жніўня. У ім чакаецца ўдзел прадстаўнікоў каля 200 крымска-татарскіх арганізацыяў з розных краін сьвету. Лідэр прарасейскай крымска-татарскай арганізацыі «Крым», віцэ-сьпікер Дзяржсавету Крыму Рэмзі Ільясаў раней асудзіў ідэю правядзеньня Сусьветнага кангрэсу крымскіх татараў у Анкары і заклікаў прэзыдэнта Турэччыны Реджэпа Эрдагана байкатаваць яго.