Ва Ўкраіне сьвяткуюць 150-годзьдзе мітрапаліта Шаптыцкага

Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі.

Сёньня ва Ўкраіне і сьвеце ўшаноўваюць 150-годзьдзе зь дня нараджэньня былога кіраўніка Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы, мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага (1865–1944).

З гэтай нагоды ў Львове на Святаюрскай плошчы адкрыюць помнік былому прадстаяцелю царквы. Ва ўрачыстасьцях прыме ўдзел прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, які будзе знаходзіцца на Львоўшчыне з працоўнай паездкай.

29 ліпеня ў Львове ўзмоцненая ахова горада. Паводле мясцовых уладаў, гэта зьвязана з расейскай тэрарыстычнай пагрозай, а таксама з тым, што ва ўрачыстасьцях прыме ўдзел вялікая колькасьць людзей. Паводле папярэдняй інфармацыі УГКЦ, каля 70000 паломнікаў.

Падрыхтоўка да адкрыцьця помніка Шаптыцкаму ля сабору Сьвятога Юра ў Львове.

Адкрыцьцё помніка мітрапаліту Шаптыцкаму ў Львове шмат хто называе гістарычнай падзеяй. Яшчэ ў пачатку 90-х Львоўскі гарсавет вырашыў усталяваць помнік, але рэалізаваць задуму атрымалася толькі сёлета. Памяці мітрапаліта Андрэя ў Святаюрском саборы адбудзецца Боская літургія, якую ўзначаліць кіраўнік УГКЦ Святаслаў Шаўчук. На плошчы каля Сабору ўстанавілі экраны, каб людзі маглі бачыць жывую трансьляцыю з царквы.

Мітрапаліт Андрэй спачывае ў крыпце сабору Сьвятога Юра.

У роднай вёсцы мітрапаліта ў Прылбічах на Львоўшчыне традыцыйна моляцца ў крыпце, дзе пахаваныя родныя Андрэя Шаптыцкага, у прыватнасьці яго бацькі — Сафія і Іван Шаптыцкія, у мясцовым храме адбудзецца набажэнства.

На ўрачыстыя захады ў Львоў запрасілі і сям’ю мітрапаліта Шаптыцкага з Польшчы. Да гэтага часу ў Канадзе і Польшчы жывуць дзьве дачкі брата Шаптыцкага — Лявона, а таксама яго і брата Аляксандра унукі і праўнукі. Увогуле сям’я Шаптыцкага сёньня налічвае больш за сто чалавек.