Абама: «Ніхто не павінен заставацца прэзыдэнтам ўсё жыцьцё»

«Калі лідэр краіны кажа: я — адзіны, хто можа забясьпечыць адзінства нацыі, то ён папросту ня справіўся з задачай будаўніцтва нацыі», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама завяршыў свой пяцідзённы візыт у Афрыку. Напрыканцы ён папярэдзіў лідэраў афрыканскіх дзяржаваў, што ім трэба забясьпечыць зьмяняльнасьць улады.

«Ніхто не павінен заставацца прэзыдэнтам ўсё жыцьцё», — сказаў Абама, выступаючы ў штаб-кватэры Афрыканскага саюза ў сталіцы Этыёпіі горадзе Адыс-Абебе.


«Я не разумею, чаму некаторыя так доўга жадаюць заставацца ва ўладзе, асабліва, калі ў іх столькі грошай», — сказаў Абама, выступаючы перад 54 членамі саюзу.


«Часам вы чуеце, як лідэры краін кажуць: я — адзіны, хто можа забясьпечыць адзінства нацыі. Калі гэта праўда, тады падобны лідэр насамрэч папросту ня справіўся з задачай будаўніцтва нацыі», — дадаў Абама.

Паводле яго , дэмакратыя — гэта больш, чым проста праводзіць выбары. «Калі журналістаў кідаюць за краты за выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў, а актывістам пагражаюць у рамках барацьбы з грамадзянскай супольнасьцю, вы можаце называць гэта дэмакратыяй, але гэта не дэмакратыя», — сказаў Абама.

Акрамя таго, прэзыдэнт ЗША пажартаваў з нагоды сваіх уласных шанцаў пераабрацца на трэці тэрмін (такі варыянт забараняе амэрыканская канстытуцыя).

«Наогул я думаю, што я даволі добры прэзыдэнт. І калі я вылучуся на выбарах, я магу выйграць. Але я не магу вылучыцца!» — сказаў ён.