Дзяніс Івашын: Інфармацыйным напалмам па крамлёўскай прапагандзе

Сайт https://by.informnapalm.org/

Ужо больш за год у сеціве працуе праект InformNapalm.org — валянтэрская ініцыятыва, каб інфармаваць шырокую замежную аўдыторыю пра падзеі ва Ўкраіне.

«Кожны дзень мы прыкладаем максымум намаганьняў для збору, апрацоўкі і асьвятленьня апэратыўнай і аб’ектыўнай інфармацыі па ходу антытэрарыстычнай апэрацыі ва Ўкраіне, а таксама агрэсіўнай палітыцы Расейскай Фэдэрацыі, якая акупіравала тэрыторыю АР Крым і зьяўляецца спонсарам міжнароднага тэрарызму на Данбасе», — так прадстаўляюць https://by. informnapalm.org/pra-nas/ сваю дзейнасьць валянтэры. Іхняя каманда складаецца з журналістаў, палітолягаў, вайсковых экспэртаў, грамадзкіх дзеячаў і перакладчыкаў.

Сайт InformNapalm.org запрацаваў з сакавіка 2014 году. Арганізатар праекту — вайсковы журналіст з Украіны Раман Бурко. Цяпер асьвятленьне падзеяў вядзецца на 17 мовах, сярод якіх і беларуская. Радыё Свабода пагутарыла з рэдактарам беларускай службы праекту InformNapalm. org Дзянісам Івашыным.

«Доказава-факталягічная база для інфармацыйных матэрыялаў зьбіраецца нашай камандай пры дапамозе пошуку, збору і аналізу зьвестак, атрыманых з адкрытых крыніцаў — сацыяльных сетак і профіляў расейскіх вайскоўцаў, сайтаў расейскіх прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу, а таксама з дапамогай фотаздымкаў праграмы GoogleEarth для правядзеньня геалякацыі расейскіх падразьдзяленьняў. Таксама важная крыніца — гэта інсайдэрская інфармацыя, на якую мы можам спасылацца», — кажа Дзяніс Івашын.

Істотная частка каманды — гэта перакладчыкі, дзякуючы якім здабытая апэратыўнай камандай інфармацыя пашыраецца ў розных моўных прасторах. Цяпер валянтэры перакладаюць эксклюзіўную інфармацыю на 17 моваў. У хуткім часе далучацца перакладчыкі на кітайскую і японскую мовы, што дасьць праекту магчымасьць дзейнічаць і на ўсходнім напрамку.

Некаторыя ўдзельнікі каманды праходзілі ратацыі ў зоне АТА, многія жывуць на акупаванай тэрыторыі.

Дзяніс Івашын называе сайт InformNapalm.org контрапрапагандысцкім інструмэнтам, які стварылі валянтэры з розных краін:

Дзяніс Івашын

«Беларусы, на жаль, цалкам знаходзяцца пад інфармацыйным кантролем Расеі. У нас няма альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Людзі глядзяць тэлевізар, а там — суцэльная крамлёўская прапаганда і замбаваньне. Таму розьніцы паміж намі і Расеяй амаль няма — мы цалкам як адзін з расейскіх рэгіёнаў, дзе падтрымка Пуціна не адрозьніваецца ад той, якая ёсьць у Расеі. Контрапрапаганды тут ніякай няма. Аляксандар Лукашэнка за 21 год свайго панаваньня не стварыў сыстэмы контрапрапаганды, чым пацьвярджае, што ён прадстаўляе прарасейскі рэжым, які праводзіць крамлёўскую палітыку».

Паводле Дзяніса Івашына, адна з асноўных адрасных групаў InformNapalm.org — расейцы, «атручаныя кісялёўскай прапагандай, а таксама беларусы, якія знаходзяцца ў інфармацыйнай арбіце Расеі».

«Наша моц у тым, што з нашымі матэрыяламі немагчыма спрачацца. Бо яны грунтуюцца на выверанай на 100% інфармацыі. І калі мы пашыраем свае артыкулы, калі мы публікуем інфармацыю з адкрытых профіляў расейскіх вайскоўцаў, то адразу фіксуем рэакцыю — літаральна празь некалькі гадзінаў гэтыя профілі вычышчаюцца: зьнікаюць фатаздымкі і геатэгі, выдаляюцца камэнтары. Лічу, што гэта сьведчыць пра эфэктыўнасьць нашай дзейнасьці».