Украінская ваеннаслужачая Надзея Саўчанка дастаўлена ў СІЗА-4 Растоўскай вобласьці. Пра гэта заявіў яе адвакат Марк Фэйгін, адзначыўшы, што там для яе рыхтуюць камэру. Іншы адвакат Саўчанкі Ільля Новікаў паведаміў «Інтэрфаксу», што яго падабаронная, магчыма, знаходзіцца ў Новачаркаску. Паводле яго, амбудсмэн Эла Памфілава паінфармавала сястру Надзеі Саўчанкі аб тым, што тая знаходзіцца ў СІЗА Навачаркаску.
Раней сёньня Марк Фэйгін напісаў у Твітэры, што Саўчанку можна будзе выратаваць толькі пад міжнародным палітычным ціскам. Паводле Фэйгіна, «Саўчанку асудзяць, дадуць вялікі тэрмін, і абвінаваўчы прысуд па гэтай палітычнай справе не зьяўляецца вынікам спаборнага працэсу».
Учора на сайце ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Расеі Элы Памфілавай было апублікавана паведамленьне, згодна зь якім Саўчанка ў суботу, 25 ліпеня, прыбудзе да месца прызначэньня.
Раней паведамлялася, што 17 ліпеня Надзея Саўчанка была этапаваная зь СІЗА Масквы ў Растоў-на-Доне.
Надзея Саўчанка абвінавачваецца ў Расеі ў дачыненьні да забойства двух расейскіх журналістаў у Данбасе летам 2014 году, а таксама ў незаконным перасячэньні мяжы. Яна адмаўляе абвінавачваньні і сьцьвярджае, што яе скралі на тэрыторыі Ўкраіны і гвалтам вывезьлі ў Расею. У выпадку вынясеньня абвінаваўчага прысуду Саўчанцы пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі.